Лёгкаатлетаў пакінулі без вітамінаў, граматных медыкаў і “вялікіх зарплат”

Зборная па лёгкай атлетыцы вярнулася з маскоўскага чэмпіянату свету без медалёў. Гэты правал выявіў дзве грандыёзныя праблемы.

Першую агучыла Аліна Талай ― бягуха на 100 метраў з бар’ерамі. Спартсменка прызнаецца газеце “Прессбол”, што не атрымлівала вітамінаў для ўзнаўлення арганізму і сама для сябе распісвала фармакалагічную праграму. І гэта ў час, калі любы ведае, што канкурэнцыі ў прафесійным спорце не бывае без сучасных медпрэпаратаў і дапамогі навукоўцаў.

Папярэдні галоўны трэнер лёгкаатлетычнай зборнай Анатоль Бадуеў падкрэслівае, што ў часы яго кіравання праблем з вітамінамі не было.

“Вядома, фармакалогія спартсменам выдзялялася, ― здзіўляецца Анатоль Бадуеў. ― Без гэтага не бывае спорту, не бывае выніку. У нацыянальнай камандзе былі цудоўныя ўрачы, якія маглі распісаць фармакалагічную праграму. Яны сышлі разам са мной. Хачу сказаць адно: паўсюль, на любым узроўні і ў любой іпастасі павінны быць толькі прафесіяналы”.

Спрабуем паразмаўляць з некаторымі легендамі беларускага трэнерскага цэху, заслужанымі трэнерамі. І аказваецца, што ўплыву на лёгкую атлетыку гэтыя  знакавыя асобы сёння не маюць.

“Аліна Талай сказала праўду. Мы забылі, што такое вітамінізацыя, даводзіцца купляць неабходныя фармакалагічныя сродкі за свае грошы практычна, ― канстатуе заслужаны трэнер Беларусі Віктар Ярашэвіч, які прывёў да алімпійскага золата Юлію Несцярэнка ў 2004 годзе. ― Можа быць, новае кіраўніцтва Федэрацыі баіцца ставіць відавочныя пытанні перад міністрам спорту”.

Еўрарадыё: А чаму вы і іншыя аўтарытэты не падымаюць гэтае пытанне?

Віктар Ярашэвіч: “У нас многія кампетэнтныя трэнеры незаслужана забытыя. А гэта добрыя спецыялісты з часоў СССР. З намі ніхто не раіцца. А мы валодаем добрымі метадычнымі ведамі, якія і сёння варта выкарыстоўваць па поўнай праграме. Неабходна здабываць і новыя веды, падымаць узровень маладых спецыялістаў”.

Еўрарадыё: Ёсць меркаванне, што правал у беларускім спорце ў многім звязаны з няўвагай да спартовай медыцыны. Вы згодны з гэтым?

Віктар Ярашэвіч: “Сапраўды мала добрых спецыялістаў. А патрэбныя менавіта кваліфікаваныя медыкі. Часам пачынаеш размаўляць, а яны далёкія ад таго, пра што я кажу. Калі трэнер і добры спартыўны медык, які цікавіцца апошнімі распрацоўкамі, дасягненнямі, ідуць побач, то справа рухаецца наперад. Вось ямайцы здабылі 6 залатых медалёў на чэмпіянаце свету. Думаеце, на сваім здароўі? Не. Займаюцца добрай вітамінізацыяй, з добрымі сучаснымі медыкамі ідуць нага ў нагу. А я ў наш брэсцкі дыспансер спартыўнай медыцыны практычна не звяртаюся. У мяне проста людзі праходзяць там медагляд, правяраюць здароўе, бо гэта неабходна. А калі трэба нешта сур’ёзнае вылечыць, на жаль, там гэтая справа не вырашаецца”.

У 2013-ым годзе змянілі спартовае заканадаўства, паводле якога атлетаў, якія “далі асечку”, пасадзілі на голыя аклады спартсменаў-інструктараў. Зарабляць сталі, як прыёмшчыкі шклатары ― па пары мільёнаў рублёў. Што праўда, закон прадугледзеў добрыя прызавыя за канкрэтныя чэмпіёнскія вынікі.

Як з двума мільёнамі зарплаты рыхтавацца да Алімпіяды? Таму спартсмены замест таго, каб канцэнтравацца на галоўных стартах, пачалі думаць пра атрыманне прэмій за менш статусныя спаборніцтвы.

Зборная Беларусі на чэмпіянаце свету правалілася, а значыць, і жыць многія лёгкаатлеты будуць на голыя аклады. Відавочна, што росту ў лёгкай атлетыцы гэта не паспрыяе.

Галоўны трэнер зборнай Аляксандр Трашчыла выклаў газеце “Беларусь сегодня” антыкрызісны рэцэпт. Склад лёгкаатлетычнай каманды ўрэжуць. Тым спартсменам, якія застануцца, прапануюць лепшыя ўмовы для падрыхтоўкі. Астатнім раяць шукаць сродкі праз спонсараў.

Прэс-сакратар Мінспорту Уладзімір Несцяровіч паведаміў Еўрарадыё, што яго ведамства разам з НАК працуе над тым, каб усё ж павялічыць спартсменам памеры заробкаў. Аднак пакуль выглядае, што дзіўныя правілы, якімі кіруецца наш спорт, гэта паступовае падзенне на дно. 

Фота Gettyimage

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі