Людзі з ранейшай пазіцыяй ёсць у Купалаўскім нават цяпер — былы прэс-сакратар

Купалаўскі тэатр у 2020 годзе / Еўрарадыё, архіўны здымак
Купалаўскі тэатр у 2020 годзе / Еўрарадыё, архіўны здымак

Менавіта акторы Купалаўскага тэатра сталі ў 2020-м годзе рухавіком унутранага пратэсту. Яны нават дзяжурылі каля кабінета Паўла Латушкі, каб яго не затрымалі. Пра гэта былы прэс-сакратар тэатра Мікалай Заяц расказаў у інтэрв'ю сайту zerkalo.io

Па словах Зайца, найбольш актыўнай была моладзь. Менавіта акторы запатрабавалі, каб кіраўніцтва тэатра заняло канкрэтную пазіцыю.

"Латушка сказаў: «"Вы ж разумееце, што пасля гэтага я больш не буду гендырэктарам тэатра?" Акторы адказалі, што пры такім развіцці падзей, у выпадку калі за пазіцыю звольняць хоць бы аднаго купалаўца — без розніцы, дырэктара або прыбіральшчыцу, — сыходзіць будуць усе. У канчатковым выніку ўсё так і адбылося. Складана сказаць, ці быў хтосьці канкрэтны маторам ініцыятывы, але было зразумела, што яна "стартавала" не ад кіраўніцтва, а ад актораў", — згадвае прэс-сакратар.

Па яго словах, амаль усе акторы трымаліся адзінай пазіцыі, а галасоў супраць чуваць не было.

Артысты нават арганізавалі дзяжурства каля гендырэктара, каб перашкодзіць яго затрыманню. 

Латушка, як згадвае былы прэс-сакратар, быў абураны падзеямі ў краіне: "Не думаю, што дырэктар планаваў станавіцца адным з лідараў апазіцыі, але сітуацыя складвалася так, што ён не мог застацца ўбаку".

Пасля звальнення Латушкі і сыходу большай часткі трупы Мікалая Зайца адправілі ў прастой. Нейкі час ён працаваў у "Чырвоным Крыжы". У сакавіку2021-га яго выклікалі ў тэатр, каб звольніць: "Новае кіраўніцтва тэатра вырашыла паступіць не вельмі прыгожа нават пры звальненні: мне затэлефанавалі, сказалі, што нібыта выводзяць з прастою (пазней высветлілася, што такога рашэння няма), трэба ў той жа дзень прыбыць на працоўнае месца, інакш звольняць за прагул".

Новы дырэктар тэатра Аляксандр Шастакоў паведаміў Зайцу, што далей той у тэатры працаваць не можа. У той жа дзень былога прэс-сакратара запрасілі на пасяджэнне прафкама. На гэтым пасяджэнні ў глядзельнай зале прысутнічалі іншыя акторы. Сярод іх Мікалай Заяц пабачыў і тых, хто актыўна падтрымліваў пратэсты, удзельнічаў у відэазваротах. "Наогул мне здаецца, што людзі з ранейшай пазіцыяй ёсць у Купалаўскім нават цяпер, хоць я з імі і не падтрымліваю сувязь", — дадае ён.

Сёлета Мікалая Зайца затрымалі і некалькі разоў прысуджалі яму адміністрацыйны арышт. На пачатку траўня стала вядома, што ён з'ехаў з Беларусі за мяжу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі