Лыжнікі псуюць навакольнае асяроддзе — #ІхНоравы

Кароткі агляд міжнародных навін

Кароткі агляд міжнародных навін / @rubanau_collage

Катанне на лыжах, як і любы іншы спорт, спрыяе добрай фізічнай форме. Аднак высветлілася, што лыжнікі шкодзяць наваколлю! Пра гэта і не толькі — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.  
 

Мільёны, але не таму Тому

Лыжнікі псуюць навакольнае асяроддзе — #ІхНоравы
Холандэр і Холанд

56-гадоваму брытанскаму акцёру Тому Холандэру памылкова пералічылі вялізны ганарар Тома Холанда з "Чалавека-павука". На яго рахунку раптоўна з'явіліся "лішнія мільёны долараў". Выпадковы плацеж акцёр заўважыў у антракце спектакля, дзе граў яго сябар. Паводле Тома Холандэра, за адзін з праектаў яму нядаўна заплацілі 30 тысяч фунтаў, і ён "сядзеў у глядацкай зале, самазадаволена разважаючы пра тое, што гэта вельмі нядрэнныя грошы ў параўнанні з ганарарамі многіх акцёраў". І тут прыходзіць ліст пра плацеж з пазнакай "Бонус ад касавых збораў "Мсціўцаў".

"Гэта была ашаламляльная сума грошай. І гэта быў не заробак [Холанда], а яго касавы бонус, і не ўвесь касавы бонус, а толькі частка. Я такіх грошай ніколі ў жыцці не бачыў. Гэта была сямізначная сума. Нейкі час мы працавалі з тымі ж агентамі, і людзі ў бухгалтэрыі заблыталіся", — выказвае здагадку Холандэр.

27-гадовы брытанскі акцёр Том Холанд сыграў у шасці эпізодах "Чалавека-павука". Том Холандэр прызнаецца, што праз сугучнасць імені і прозвішча яго часта блытаюць з маладзейшым калегам.

Смартфон для тых, хто змагаецца з залежнасцю ад сацсетак

Лыжнікі псуюць навакольнае асяроддзе — #ІхНоравы
Minimal Phone / mnml.com

Стартап Minimal Company прадставіў незвычайны смартфон Minimal Phone. Ён мусіць дапамагчы ў барацьбе з залежнасцю ад сацсетак.

У прыватнасці, у яго чорна-белы дысплэй, як у электронных кніг, і з ім не ўдасца пагуляць ці "завіснуць" у стужцы YouTube ці TikTok. Узамен ён атрымаў зручную сістэму з вялікімі іконкамі і падтрымку сэрвісаў Google для працоўных праграм: пошта, дакументы і г.д.

Каля траціны панелі займае QWERTY-клавіятура ў стылі BlackBerry, якія былі папулярныя да таго, як з'явіўся iPhone. Усярэдзіне — акумулятар ёмістасцю 4000 mAh, якога хопіць мінімум на 4 дні аўтаномнай працы. Поўная зарадка займае гадзіну.

Яшчэ смартфон атрымае камеру, падтрымку бескантактных плацяжоў і пяць гадоў абнаўленняў праграмнага забяспечання. Цяпер стартап збірае сродкі на вытворчасць, а прадаваць прыладу збіраюцца за $300-400.


Лыжнікі шкодзяць навакольнаму свету

Лыжнікі пакідаюць "вечныя хімікаты" ў снезе на гарналыжных трасах. З раставаннем снегу гэтыя хімікаты трапляюць у падземныя воды, асядаюць у глебе.

Лыжнікі псуюць навакольнае асяроддзе — #ІхНоравы
Лыжнікі / прэс-служба Лукашэнкі

Даследаванні, праведзеныя Інстытутам Джэймса Хатана ў Абердзіне і Універсітэтам Граца ў Аўстрыі, паказалі, што 14 розных тыпаў хімічных рэчываў PFAS, якія звычайна выкарыстоўваюцца ў лыжным воску, былі выяўленыя ў глебах сямейных гарналыжных курортаў у аўстрыйскіх Альпах. На гэтых курортах канцэнтрацыя хімікатаў была значна вышэйшай, чым там, дзе лыжнікі не катаюцца.

Галоўная даследчыца Вікторыя Мюлер сказала, што нават там, дзе няма катання на лыжах, усё роўна ёсць невялікі рост канцэнтрацыі гэтых хімічных злучэнняў, бо яны вельмі шырока распаўсюдзіліся ў навакольным асяроддзі за апошнія гады.

“Гэтыя хімічныя рэчывы называюць “вечнымі хімікатамі”, бо ім спатрэбяцца сотні гадоў, каб расшчапіцца. Праз гэта яны могуць назапашвацца ці распаўсюджвацца ў навакольным асяроддзі, уключаючы сістэмы падземных вод, што выклікае асноўную заклапочанасць”.

Лыжнікі выкарыстоўваюць воск, каб зрабіць лыжы больш слізкімі і хутчэй катацца па трасе. Даследаванне паказала, што хімічныя рэчывы ў воску застаюцца ў снезе надоўга пасля таго, як лыжнік дасягае ніжняй часткі схілу.

Лыжны воск, які змяшчае хімічныя рэчывы PFAS, нядаўна быў забаронены на некаторых з найлепшых курортаў і ў прафесійных гонках праз імаверную таксічнасць.
 

У ЗША ўпершыню пакаралі смерцю метадам азотнай гіпаксіі

У ЗША ўпершыню пакаралі смерцю метадам азотнай гіпаксіі. Гэтым зняволеным стаў 58-гадовы Кенэт Сміт, асуджаны за забойства.

Паводле сведкаў, пакаранне доўжылася каля 22 хвілін, і Сміт, здавалася, заставаўся ў прытомнасці некалькі хвілін.

Прынамсі дзве хвіліны ён дрыжаў і рухаўся. Потым вязень пачаў цяжка дыхаць, і за лічаныя секунды жыццядзейнасць спынілася.

У заключнай заяве перад пакараннем смерцю Сміт сказаў: "Сёння вечарам Алабама прымушае чалавецтва зрабіць крок назад... Я іду з любоўю, мірам і святлом".

Выкарыстанне газападобнага азоту — вельмі спрэчны метад пакарання. Яго крытыкі гавораць, што гэта жорстка і эксперыментальна. Раней гэты спосаб пакарання не выкарыстоўвалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі