Мабілізаваны з РФ расказаў, як яго закопвалі жыўцом за адмову ісці на перадавую

Мабілізаваны расіянін / Бі-Бі-Сі, ілюстрацыйнае фота
Мабілізаваны расіянін / Бі-Бі-Сі, ілюстрацыйнае фота

25-гадовы мабілізаваны Раман Мартынаў з Бранскай вобласці расказаў праваабаронцам, што яго збівалі, закопвалі жыўцом і імітавалі расстрэл. Усё гэта ён перажыў за адмову ісці на перадавую без падрыхтоўкі і кантакты з журналістамі. Падрабязнасці расказаў кіраўнік міжнароднай праваабарончай групы "Агора" Павел Чыкаў.

Мартынава мабілізавалі 24 верасня. А ўжо 1 кастрычніка ён апынуўся на перадавой у так званай "ЛНР". На наступны дзень ён адмовіўся ўдзельнічаць у баях і трапіў у "падвалы для адмоўнікаў".

Пасля публікацыі ў СМІ відэа з такіх падвалаў з адмоўнікамі ў Рубежным і Крамянной Мартынава пачалі катаваць, абвінавачваючы, што ён кантактаваў з журналістамі. Яго білі па галаве і па корпусе.

Заявам Мартынава, што ён не кантактаваў з журналістамі, вайскоўцы не паверылі. Ён кажа, што яго ставілі тварам да сцяны, палохалі стрэламі з аўтамата і з завязанымі вачыма і звязанымі рукамі кідалі ў каналізацыйны калодзеж.

"Калодзеж быў вузкі, пусты, без вады, глыбінёй каля 1,5 метраў. Мне не давалі магчымасці выпрастацца, я сядзеў на кукішках на дне калодзежа. Узброеныя людзі мне сказалі, што цяпер закапаюць мяне жыўцом, калі я не скажу ім праўду. Падмацоўваючы пагрозы дзеяннем, яны сталі скідаць земляны грунт проста ў калодзеж", — расказвае Мартынаў.

Раней у СМІ неаднаразова з'яўляліся паведамленні, што расійскіх мабілізаваных, якія адмаўляюцца ваяваць супраць украінцаў, фактычна трымаюць у зняволенні. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі