Маці-328 незадаволеныя змякчэннем пакарання за наркотыкі. Чаму?
Маці-328 падчас дазволенага мітынгу ў Кіеўскім скверы / Еўрарадыё
13 чэрвеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі папраўкі ў артыкул 328 Крымінальнага кодэкса. Маці асуджанага па "наркатычным" артыкуле Ліяна Шуба заявіла Еўрарадыё, што не лічыць законапраект змякчэннем пакарання. Паводле яе слоў, зніжэнне ніжніх парогаў пакарання па частках 2 і 3 — гэта толькі пачатак працы па змене наркатычнага заканадаўства.
"На самай справе гэта не змякчэнне пакарання. Гэта зніжэнне ніжняй мяжы, па сутнасці — дыферэнцыяцыя, большая магчымасць для судоў правільна караць за гэтыя дзеянні. Але як гэта будзе дастасавальна да нашых дзяцей? Пакуль яшчэ не ведаю. Хутчэй за ўсё, праз наглядную скаргу", — кажа Ліяна Шуба.
Тым не менш, лічыць жанчына, на дадзены момант Маці-328 дамагліся таго, чаго хацелі. Шуба кажа, што далей рух будзе дамагацца больш мяккага пакарання для непаўналетніх і павышэння ўзросту крымінальнай адказнасці за такія злачынствы — з 14 хоць бы да 16 гадоў.
"Таксама мы працягнем працаваць над іншымі нашымі прапановамі, якія не ўвайшлі ў прыняты законапраект, — расказала Шуба. — Гэта выключэнне паняцця "асаблiва небяспечны" з дыспазіцыі гэтага артыкула, бо ў нас толькі 5 наркатычных рэчываў у спісе небяспечных, а астатнія — асабліва небяспечныя. Гэта ўплывае на вынясенне прысуду".
Некаторыя з маці-328 абвясцілі галадоўку: Зніжэнне ніжняга парога — гэта проста нейкая абраза
12 чэрвеня, за дзень да разгляду дэпутатамі паправак у артыкул 328, некалькі маці асуджаных за наркотыкі абвясцілі бестэрміновую галадоўку — у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна.
"Мы негатыўна ставімся да прынятага законапраекта. Тых патрабаванняў, якіх мы дамагаліся столькі гадоў — перагляду спраў, справядлівых судоў, — мы не дамагліся. Зніжэнне ніжняй планкі нас ніяк не датычыцца. Гэта проста нейкая абраза", — кажа актывістка Алена Кузьміна.
Зараз, па словах Кузьміной, галоўнае патрабаванне галадоўнікаў — сустрэча з прэзідэнтам і перагляд спраў. Галадоўка, кажа жанчына, будзе працягвацца да таго часу, пакуль гэтага не адбудзецца.
"У мінулым годзе мы дачакаліся толькі прыёму ў Качанавай. Яна абяцала патэлефанаваць на працягу тыдня, але не стрымала сваё слова", — нагадвае яна.
Цяпер трымаюць галадоўку тры маці: сама Кузьміна, Ала Берналь і Людміла Кулініч. Да іх далучыўся праваабаронца Станіслаў Цыбінскі.
Галадоўку падтрымліваюць не ўсе актывісткі руху "Маці-328". Многія з іх лічаць, што спантанныя галадоўкі будуць мець супрацьлеглы эфект: не прывядуць да змен і толькі раззлуюць чыноўнікаў.