Маці, патрыётка, апора каштоўнасцяў. Якой прапаганда бачыць беларуску?

Вынікі даследавання вобразу жанчын у дзяржаўных медыя

Вынікі даследавання вобразу жанчын у дзяржаўных медыя

Каманда беларускіх актывістаў і актывістак вывучала прапагандысцкія і калядзяржаўныя медыя і каналы ў сацсетках на працягу трох месяцаў — з сакавіка па травень 2024 года.

Еўрарадыё пераказвае ключавыя наратывы, якія ўдалося вылучыць з матэрыялаў, дзе ідзе гаворка пра беларускіх жанчын.

“Ахоўніца сямейнага ачага”. Прызначэнне жанчыны — быць маці, наводзіць дома ўтульнасць, ствараць тое, што завецца “сямейным ачагом”, цяплом і гэтак далей.

“Апора для традыцыйных каштоўнасцяў”. Гэта як бы дадатковая місія для жанчыны-ахоўніцы сямейнага ачага — пашырыць свой уплыў яшчэ і звонку і рабіць усё дзеля таго, каб асацыявацца ў грамадстве з тым самым “сямейным ачагом”.

“Маці”. Перадусім! Гэта — галоўнае, найвышэйшае і ці не адзінае прызначэнне беларускай жанчыны.

“Натхненне для мужчын”. Зноў дадатковая задача для беларускай жанчыны-ахоўніцы сямейнага ачага, маці і ўвасаблення традыцыйных каштоўнасцяў. Беларускія жанчыны (відаць, з апісанымі вышэй уласцівасцямі), мусяць натхняць мужчын і даваць ім сэнс жыцця.

“Патрыётка”. Такая жанчына — якая наводзіць у хаце парадак, гадуе дзяцей, натхняе мужчын — гэта гонар дзяржавы. На такіх толькі дзяржава і будуецца, а жанчыны, у сваю чаргу, “адрозніваюцца бязмернай любоўю да сваёй краіны і незвычайным пачуццем патрыятызма”.

“Кар'ерыстка без шкоды для сям'і”. Беларуская жанчына ўдала балансуе паміж сямейным ачагом, усімі астатнімі заданнямі і ўласнай прафесійнай рэалізацыяй. І гэта ёй удаецца чаму? Бо любімая дзяржава, да якой жанчына прасякнутая патрыятычнымі пачуццямі, аказвае ёй неабходную падтрымку.

Такі вобраз беларускай жанчыны ў прапагандысцкіх медыя не дапускае, што жанчына каштоўная сама па сабе, што яна вольная выбіраць, якой ёй быць, якую ролю выконваць і ці дазваляць дзяржаве ўвогуле сунуць у гэта нос. Няма і гаворкі пра тое, каб разглядаць жанчыну ў адрыве ад стэрэатыпаў і фантазій чыноўнікаў на тэму мацярынства, жаночага прызначэння, жаноцкасці.

Гэта — гендарная дэзінфармацыя, якая пасяляе ў галовах памылковы вобраз жанчын і праграмуе пэўныя адносіны для жанчын, падкрэсліваюць даследчыкі. Праблемы, з якімі беларускі сутыкаюцца ў грамадстве і якія не вырашае дзяржава, пры гэтым замоўчваюцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі