Маці Зяленскага заявіла, што Парашэнка знішчае яе сына (відэа)
Маці кандыдата ў прэзідэнты Украіны Уладзіміра Зяленскага ў інтэрв'ю hromadske.ua заявіла, што Пётр Парашэнка знішчае яе сына. Рыма Зяленская абураная тым, што дзейны прэзідэнт і яго каманда безпадстаўна паліваюць брудам Уладзіміра. На адным з тэлеканалаў Парашэнка заявіў, што Зяленскі можа быць... наркаманам. Гэта ж паўтараюць члены яго штабу.
"Мы з мужам не можам гэта пераносіць, — кажа маці Уладзіміра Зяленскага. — Ён — прыстойны сумленны хлопец. Тое, што ён зарабіў, ён зарабіў сваёй працай... Скажыце, колькі можна паліваць брудам чалавека?.. Па гэтых усіх каналах адзін бруд толькі льюць! Ну, выгадна гэта, я лічу, Парашэнку... Так ён жа проста яго знішчае! Нейкая ж павінна быць культура ў чалавека! Хіба так можна сябе паводзіць?".
Рыма Зяленская кажа, што яе сын хоча стаць прэзідэнтам не дзеля грошай. Ён хоча, каб ва Украіне адбыліся змены, каб скончылася вайна на ўсходзе, каб людзі сталі жыць лепш, адзначыла яна.
Другі тур прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне пройдзе 21 красавіка. У першым туры Зяленскі набраў амаль удвая больш галасоў, чым Парашэнка.