Мацкевіч: “Электарату проста падсунуць падманныя пытанні на рэферэндум”

З ідэяй правядзення рэферэндуму з невялікай разбежкай у часе выступілі і частка апазіцыі, і ўлада. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года пачалася вайна паліттэхнолагаў, сцвярджае метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Улада, нібыта, такім чынам імкнецца перахапіць у дэмакратаў ініцыятыву ў барацьбе за аўтарытэт сярод выбарцаў.

Уладзімір Мацкевіч: “Частка электарату і частка апазіцыі на гэтую ідэю “Народнага рэферэндуму” вядзецца. І гэта надае аўтарытэту той частцы апазіцыі, якая за гэта змагаецца. Трэба гэтага не дапусціць. А як? Мы самі ініцыюем рэферэндум (разважаюць праўладныя паліттэхнолагі. — Еўрарадыё), у нас больш сродкаў масавай інфармацыі, больш магчымасцяў давесці гэта да часткі электарату, якая не вызначылася, і хай рэферэндум будзе нашай ідэяй. Яны перахопліваюць ідэю рэферэндуму такім чынам”.

І нават не важна, упэўнены Мацкевіч, што пытанні, прапанаваныя распрацоўшчыкамі “Народнага рэферэндуму”, ніякім чынам не супадаюць з тым, што можа вынесці на рэферэндум улада.

Уладзімір Мацкевіч: “Ужо не важна, якія пытанні выносяцца! Як бачна, самі прыхільнікі гэтага “Народнага рэферэндуму” не вельмі вызначыліся. Яны набралі шмат розных прапаноў ды выказванняў, але нічога з гэтага не з’яўляецца “фішкай”, якую немагчыма апусціць — гэта захоплівае ўсіх”.

Больш за тое, упэўнены суразмоўца Еўрарадыё, ініцыятары “Народнага рэферэндуму” сыгралі “на баку ўлады” — падкінулі ім думку, якім чынам можна “пад шумок” правесці неабходныя змены ў Канстытуцыю. Нават ідэя ўжо ёсць: неабходна ўнесці змены датычна Вышэйшага гаспадарчага суда, каб паспяхова правесці задуманую рэформу судовай сістэмы.

Уладзімір Мацкевіч: “Пад рэферэндум падцягнуцца іншыя пытанні, пра якія гаворкі весціся не будзе — і электарату проста падсунуць падманныя пытанні на рэферэндум. І невядома, чым гэта скончыцца — чарговая змена Канстытуцыі”.

Можа, разважае метадолаг, унясуць праўку, якая ўвогуле адменіць неабходнасць правядзення прэзідэнцкіх выбараў.

Карацей, робіць выснову Мацкевіч, “рэферэнднікі” прайграюць уладам. Якія ў чарговы раз перахопяць ініцыятыву ў апазіцыі і будуць навязваць свае правілы гульні.

Тое, што ўлады ўвогуле будуць праводзіць рэферэндум, яшчэ нідзе не прагучала, астуджае метадолага намеснік лідара кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў. А калі нават яны на гэта пойдуць, то выйграе ад гэтага… яны з “Народным рэферэндумам”!

Андрэй Дзмітрыеў: “У сённяшняй сітуацыі, калі людзі рэальна бачаць бяздзеянне ўлады і яе стомленасць, рэферэндум уладам не патрэбны. Я ў гэтым персанальна перакананы. Бо яны не здольныя выйграць ніводнага рэферэндуму. Калі там будуць сапраўдныя пытанні. Як тыя, якія мы сабралі ў людзей і якія зараз сфармулюем”.

Таму, упэўнены Дзмітрыеў, ніхто ні ў каго нічога не перахопліваў і улады ўжо 300 разоў паспелі пашкадаваць, што з іх боку ўвогуле прагучала слова “рэферэндум”. Тым больш, упэўнены Дзмітрыеў, немагчыма падмануць людзей і падсунуць ім не той рэферэндум, які ім патрэбны, не з “іх” пытаннямі.

Андрэй Дзмітрыеў: “Ну, што вы лічыце людзей дурнямі, га?! Правесці рэферэндум без пытанняў, якія мы зараз фармулюем, проста немагчыма. Немагчыма нічога перахапіць. Мы тут сябе даволі ўтульна і ўпэўнена адчуваем і будзем працягваць сваю працу”.

Калі ўлады вырашаць рызыкнуць правесці свой рэферэндум, з пытаннямі, якія народ не хвалюе, то гэта толькі паставіць вялікі мінус самім уладам і шмат плюсаў — апазіцыі, сцвярджае Дзмітрыеў.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі