Мадура далучыў да Венесуэлы частку суседняй краіны
Нікалас Мадура паказвае абноўленую карту краіны
Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура на пасяджэнні ўрада паказаў новую карту краіны. На ёй рэгіён Гаяна-Эсэкіба, які знаходзіцца ў суседняй дзяржаве Гаяна, пазначаны як тэрыторыя Венесуэлы, паведамляе рэсурс Ultimas Noticias.
Мадура заклікаў парламент прыняць закон аб абароне спрэчнага рэгіёну і запатрабаваў распаўсюдзіць гэтую "поўную карту краіны" ва ўсіх школах, каледжах і ўніверсітэтах. Ён таксама звярнуўся да нафтавых кампаній, якія працуюць у марской зоне Эсэкіба і папрасіў іх "па-добраму" завяршыць там сваю дзейнасць на працягу трох месяцаў. "З павагай да міжнароднага права, з павагай да законаў, з павагай добрасуседства", — сказаў ён.
Нагадаем, у панядзелак у Венесуэле прайшоў рэферэндум па пытанні аб статусе Эсэкіба. Па афіцыйных выніках, 95% грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні, падтрымалі ідэю аб далучэнне новага рэгіёну. Улады Гаяны заявілі, што звернуцца ў Савет Бяспекі ААН з просьбай задзейнічаць артыкулы 41 і 42 Статута ААН. Гэтыя палажэнні дазваляюць ўвесці санкцыі ці дазволіць ваенныя дзеянні для падтрымання або аднаўлення міжнароднага міру і бяспекі.
Эсэкіба займае больш за дзве траціны тэрыторыі Гаяны. Рэгіён знаходзіцца пад кіраваннем гэтай краіны больш за 100 гадоў, піша France24. У Венесуэлы цікавасць да рэгіёну ўзнікла ў 2015 годзе, калі там знайшлі нафту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.