Магілёўскія ідэолагі правядуць сацыялагічнае даследаванне за 20 тысяч долараў
Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы Магілёўскага аблвыканкама абвясціла тэндэр на правядзенне сацыялагічнага даследавання. На яго плануецца выдаткаваць 362 млн 210 тысяч рублёў (каля 20 тысяч долараў).
Ідэолагаў цікавіць грамадска-палітычная сітуацыя ў вобласці напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў, стан і сацыяльная значнасць беларускай мовы, а таксама ўзровень карупцыі ў вобласці.
У галіне беларускай мовы ідэолагі будуць выяўляць гатоўнасць грамадзян да адраджэння мовы і яе папулярызацыі як элемента культуры, ролю СМІ ў папулярызацыі мовы. Таксама плануецца высветліць, наколькі шырока беларуская мова ўжываецца ў штодзённым жыцці магілёўцаў.
Заяўкі на тэндар прымаюцца да 19 студзеня ўключна. Усе патрэбныя для ўдзелу ў тэндары дакументы пералічаныя на сайце icetrade.by.
Фота: dagzhkh.ru