МАК пачаў уласнае расследаванне па справе Крысціны Ціманоўскай
Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) пачынае ўласнае расследаванне па справе беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік МАК Марк Адамс.
"Мы чакаем справаздачу ад НАК Беларусі сёння. Мы вырашылі пачаць афіцыйнае расследаванне, нам трэба ўсталяваць факты, усіх, хто спрычынены да гэтай справы. Гэта зойме час", — перадае ТАСС словы Адамса.
Крысціна Ціманоўская ў сацсетках раскрытыкавала дзеянні спартовых чыноўнікаў, якія на Алімпіядзе ў Токіа без яе ведама паставілі яе на іншы від спаборніцтваў. Пасля гэтага ў афіцыйных СМІ з'явіліся негатыўныя матэрыялы пра спартоўку. 1 жніўня НАК Беларусі паведаміў пра адпраўку лёгкаатлеткі на радзіму, патлумачыўшы ўсё яе эмацыйна-псіхалагічным станам.
У такійскім аэрапорце Ціманоўская звярнулася да паліцыі і запісала зварот у МАК, заявіўшы, што яе вывозяць сілай і без яе згоды. Дзяўчына паведаміла, што дактары зборнай не абследавалі яе. Японская паліцыя ўзяла дзяўчыну пад ахову.
Таксама спартоўка заявіла, што баіцца вяртацца ў Беларусь.
2 жніўня лёгкаатлетка атрымала гуманітарную візу ў Польшчу. Да адлёту яна знаходзіцца на тэрытоырі польскай амбасады ў Токіа. "Самае важнае — бяспека спартоўцаў. Учора мы двойчы размаўлялі з Крысцінай Ціманоўскай, яна пачуваецца ў бяспецы", — патлумачыў Адамс.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.