Былы муж Ціманоўскай прыйшоў на эфір да Азаронка

Арсень Зданевіч

Арсень Зданевіч / @arseni_zdanevich

Арсень Зданевіч, былы муж бягухі Крысціны Ціманоўскай, схадзіў на праграму да прапагандыста Рыгора Азаронка. Гэта адбылося пасля таго, як Следчы камітэт заявіў аб праверцы, пачатай у дачыненні да Зданевіча.

Як распавядала Еўрарадыё, Ціманоўская пабачыла ў сацсетках, што яе былы муж вярнуўся ў Беларусь, і затэгала ў допісе МУС і Памежны камітэт. Яна адзначыла, што Зданевіч хадзіў з нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікай. Спартоўка вінаваціць экс-мужа ў махлярстве. Маўляў, ён узяў у яе больш за 30 тысяч долараў, каб прыгнаць дзве машыны. У выніку яна засталася і без грошай і без аўто.

У эфіры Зданевіч заявіў, што заблакаваў былую жонку ва ўсіх сацсетках, каб засцерагчыся ад кантактаў з ёй.

Арсень сказаў, што пасля вяртання ў Беларусь прагаласаваў за Лукашэнку. Хоць пасля жніўня-2020 ён падпісаў ліст свабодных спартоўцаў з патрабаваннем сумленных выбараў.

Заяву Следчага камітэта аб праверцы ён пракаментаваў наступным чынам: "Разумею, чаму ўсё гэта. Мая былая жонка любіць пакрычаць, зрабіць выгляд, што я тут, я супраць усіх — глядзіце. А я быў як цацка — сюды-туды".

Ён дадаў, што пры вяртанні ў яго не было праблем на мяжы і што ён гатовы супрацоўнічаць са следствам. Арсень заявіў, што ў 2020-м на мітынгі не хадзіў. А фота з нацыянальнай сімволікай было зробленае нібыта на першых спаборніцтвах у Польшчы, куды дапусцілі выступаць Ціманоўскую.

Пра абвінавачанні ў махлярстве Зданевіч нічога не сказаў, заявіўшы толькі, што Ціманоўская залгалася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.