Макей не дапусціць на выбары назіральнікаў з "самаствораных структур"
Запрашэнне на выбары замежных назіральнікаў ад розных міжнародных структур сведчыць пра адкрытасць Беларусі. З такой заявай выступіў перад журналістамі міністр замежных спраў Уладзімір Макей, інфармуе БЕЛТА.
Міністр паведаміў, што запрашэнні назіраць за выбарамі даслалі ў міжнародныя структуры і МЗС, і Палата прадстаўнікоў.
У бліжэйшыя дні ў Беларусі пачне працу ацэначная місія БДІПЧ АБСЕ. Яе прадстаўнікі будуць вывучаць перадвыбарчую сітуацыю, удакладняць колькасць акруг, магчымы лік назіральнікаў (кароткатэрміновых і доўгатэрміновых), які спатрэбіцца для назірання за выбарамі.
"Напэўна, пэўную групу, можа быць, пару дзясяткаў, БДІПЧ накіруе загадзя — прыкладна за месяц. А непасрэдна за некалькі дзён перад выбарамі прыедзе асноўная група — кароткатэрміновыя назіральнікі. Звычайна некалькі соцень — каля 300-400 чалавек. Мы ніколі не абмяжоўвалі і не збіраемся абмяжоўваць гэты лік", — падкрэсліў кіраўнік беларускай дыпламатычнай службы.
Акрамя БДІПЧ АБСЕ запрашэнні накіраваныя па лініях ШАС і СНД, міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Заўжды на выбарах хочуць быць назіральнікамі шмат замежных грамадзян. "Таксама будзем разглядаць у вызначаным парадку. У нас ёсць адпаведнае заканадаўства на гэты конт", — патлумачыў міністр.
Разам з тым Макей заявіў, што ёсць людзі, якія хочуць выкарыстаць назіранне за выбарамі ў палітычных мэтах. "Ёсць шэраг ахвочых, якія не маюць ніякага дачынення да назірання за выбарамі і выкарыстоўваюць гэта ў палітычных мэтах. Нейкія там самаствораныя структуры... Мы будзем рабіць усё ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, грунтуючыся строга на яго палажэннях і ва ўзаемадзеянні з Цэнтральнай выбарчай камісіяй, нашым парламентам", — дадаў чыноўнік.