Макрон прапанаваў пасярэдніцтва ЕC у палітычным крызісе ў Беларусі
Еўрасаюз гатовы выступіць пасярэднікам пры ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі. Пра гэта заявіў 20 жніўня прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з канцлеркай Германіі Ангелай Меркель.
"Неабходны дыялог паміж уладамі, апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю. Мы б хацелі, каб гэты дыялог пачалі самі беларусы. Але Еўрапейскі Саюз гатовы суправаджаць [Беларусь] ва ўсталяванні гэтага дыялогу, калі наша пасрэдніцкая роля можа быць карыснай, і калі гэтага захочуць самі беларусы", — перадае rfi.fr словы французскага прэзідэнта.
Па словах Макрона, пасярэднікамі могуць быць і міжнародныя арганізацыі кшталту АБСЕ, а таксама Расія.
19 жніўня на пазачарговым саміце кіраўнікі дзяржаў ЕС вырашылі не прызнаваць афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Акрамя таго Еўрасаюз паабяцаў неўзабаве прыняць санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі, адказнага за рэпрэсіі.
Дарэчы, 16 жніўня Макрон заклікаў ЕС падтрымаць беларусаў у барацьбе за іх правы, свабоду і суверэнітэт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.