Маладафронтаўцаў, затрыманых пад Веткай, адпусцілі пасля складання пратаколаў
Маладафронтаўцаў Змітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага адпусцілі з міліцыі пасля складання пратаколаў. Як перадае БелаПАН, разбіральніцтва ў пастарунку цягнулася каля трох гадзінаў.
Як паведамляла Еўрарадыё, 6 верасня маладфронтаўцы паехалі ў лес каля вёскі Рудня-Споніцкая Веткаўскага раёна Гомельшчыны і пачалі там капаць акопы. Такім чынам яны хацелі прадэманстраваць гатовасць супрацьстаяць расійскай агрэсіі. Акцыя адбывалася за 25 км ад мяжы з Расіяй.
У каментары журналістам Дашкевіч патлумачыў, што перформанс быў прымеркаваны да 19-годдзя з дня правядзення першага ўстаноўчага з'езду "Маладога фронту" (зарэгістраваны ў Чэхіі). Акцыю спецыяльна ладзілі бліжэй да горада Клінцы Бранскай вобласці, куды пераводзяцца расійскія войскі на фоне вайны ва Украіне. "Мы лічым, што ўкраінскі сцэнар Расія можа паспрабаваць ажыццявіць і ў Беларусі", — мяркуе маладафронтавец.
Літаральна праз 10-15 хвілін пасля пачатку акцыі ў лесе з'явіліся леснікі, а потым і супрацоўнікі розных ведамстваў — міліцыі, КДБ, ДАІ. Прычым міліцыянты прыбылі ў лес у бронекамізэльках. Таксама ў лес былі выкліканыя дзве настаўніцы ў якасці перакладчыкаў, бо Дашкевіч адмовіўся адказваць на пытанні па-руску.
На Дашкевіча і Пальчэўскага склалі пратаколы за "зняцце ўрадлівага пласта глебы" і за неадпаведнасць нормам аўтамабільнай аптэчкі. З аўтамабіля Дашкевіча на экспертызу забралі страйкбольны аўтамат.