Маладзечанцы пратэстуюць супраць будаўніцтва сховішча фекалій

Жыхары маладзечанскіх вёсак пратэстуюць супраць будаўніцтва сховішча фекалій / kraj.by
Жыхары маладзечанскіх вёсак пратэстуюць супраць будаўніцтва сховішча фекалій / kraj.by

Жыхары некалькіх вёсак Маладзечанскага раёна збіраюць подпісы супраць будаўніцтва сховішча фекалій, піша мясцовы сайт kraj.by.

Сажалку-назапашвальнік "ападкаў гаспадарча-фекальных сцёкавых вод" плануецца стварыць на месцы былога пясчанага кар'ера каля вёсак Краснае і Івонцавічы Маладзечанскага раёна. Калі яе пабудуюць, дык штодня з сталіцы сюды будуць прывозіць каля 50 самазвалаў каналізацыйных адходаў.

Інжынер УП "Мінскводаканал" Святлана Верамейка тлумачыць: "Гэта сухія абязводжаныя адходы жыццядзейнасці чалавека, якія будуць вывозіцца са збудаванняў Мінскай ачышчальнай станцыі. Пры выбары месца захоўвання адходаў разглядаліся некалькі варыянтаў. Месца пад Маладзечнам абранае таму, што былы кар'ер, дзе будзе размешчаная сажалка, акружаны лесам, які перашкодзіць ветру разносіць непрыемныя пахі".

Па яе словах, захоўваюцца ўсе нарматывы па зоне распаўсюду гэтых пахаў, экалагічныя нормы не парушаюцца.

Пачатак будаўніцтва прызначаны на 2024 год. Перыяд эксплуатацыі сажалкі складзе восем гадоў.

Мсяцовыя жыхары незадаволеныя такім праектам. Яны лічаць, што пакутаваць ад яго будуць не толькі вяскоўцы ,але і дачнікі — тут размяшчаюцца садоўніцкія таварыствы, сярод якіх "Ялінка", "Красненскае" і "Міжрайгазавік».

Старасты вёсак Івонцавічы і Відзеўшчына збіраюць подпісы супраць будаўніцтва сховішча каналізацыйных адходаў. У Івонцавічах 66 дамоў, і за два дні пад пратэстам падпісаліся больш за 60 чалавек. У Відзеўшчыне разлічваюць на 300 подпісаў (тут жыве каля 400 жыхароў).

Подпісы таксама збіраюць у Красным і Чысці.

Маладзечанцы пратэстуюць супраць будаўніцтва сховішча фекалій
Маладзечанцы пратэстуюць супраць будаўніцтва сховішча фекалій

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі