Маладзечанскі пенсіянер вырошчваў каноплі ў парніку з памідорамі (фота)
У вёсцы Рабінавая Маладзечанскага раёна супрацоўнікі наркакантролю знайшлі незаконныя пасадкі канопляў, паведамляе прэс-служба УУС Мінскага аблвыканкама.
Каноплі раслі на лецішчы 72-гадовага пенсіянера. Плантацыя з пяці кустоў размяшчалася ў парніку з памідорамі. Паведамляецца, што пенсіянер актыўна даглядаў гарод, датрымліваючыся неабходных нормаў паліву і асвятлення.
У доме пенсіянера аператыўнікі знайшлі прыстасаванне для палення, бляшанкі з марыхуанай, а па ўісм доме былі расстаўленыя тазікі, напоўненыя высушанай "травой". Агулам праваахоўнікі выявілі больш за кілаграм марыхуаны і пяць кустоў канопляў.
Мужчына патлумачыў, што прыахвоціўся да палення марыхуаны яшчэ ў маладосці і вырошчваў каноплі толькі для сябе.
Як даведалася Еўрарадыё, мужчына жыве ў Маладзечне. У Рабінавай у яго толькі лецішча.
На пенсіянера пачалі крымінальную справу за незаконны абарот наркотыкаў. Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.