Малдаванін спрабаваў даць $15 беларускаму памежніку, каб не правяралі багаж
Гастарбайтар з Малдовы спрабаваў дамовіцца з беларускім памежнікам, каб не даглядалі яго багаж. Як паведамляе тэлеканал “Мазыр”, 36-гадовы мужчына ехаў праз Беларусь транзітам у цягніку Кішынёў-Санкт-Пецярбург і перасякаў мяжу ў пункце пропуска “Славечна”.
Малдаванін спрабаваў даць памежніку 1000 расійскіх рублёў (каля 15 долараў), каб той не правяраў яго асабістыя рэчы, але дамовіцца не выйшла. Выявілася, што замежнік вёз у торбах хатняе віно, колькасць якога ў 2,5 разы перавышала дазволеныя аб’ёмы.
Мужчына патлумачыў, што хацеў пачаставаць віном сваіх калегаў-гастарбайтэраў, якія таксама працуюць у Расіі, а дазволеных аб’ёмаў было б замала.
Праваахоўнікі кваліфікавалі дзеянні замежніка як замах на дачу хабару, за што прадугледжваецца крымінальная адказнасці.