Мапа “Табакерак”: адна насупраць каледжа, іншая адразу ля дзвюх паліклінік
На выхадных у Мінску пачалі ўсталёўваць тытунёвыя шапікі “Табакерка”. У асноўным іх ставяць на прыпынках грамадскага транспарту. Еўрарадыё звярнула ўвагу, што часам непадалёк ад гэтых прыпынкаў размешчаныя спартовыя аб’екты, тэатральна-відовішчныя ўстановы, установы адукацыі і аховы здароўя, дзе гандаль тытунёвымі вырабамі забаронены.
Яшчэ ў траўні на гэтую праблему звяртаў увагу салігорскі дэпутат Андрэй Рыбак:
— Мы забараняем гандляваць тытунёвымі вырабамі ў медычных і адукацыйных установах, — сказаў ён на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў. — А на справе (у нас ёсць сведчанні) за 150-200 метраў ад установы адукацыі стаяць шапікі. Мы ставім шапікі, дзе стаяць людзі і купляюць цыгарэты. Дзіця ідзе са школы міма гэтага шапіка.
Давайце паглядзім, дзе ў Мінску ставяць кіёскі з тытунёвымі вырабамі.
Адна з “Табакерак” размясцілася на скрыжаванні вуліц Уральскай і Даўгабродскай. Проста па дыяганалі праз скрыжаванне знаходзіцца корпус гандлёвага каледжа. За ім па вуліцы Уральскай — Палац культуры “Беларускага таварыства глухіх” і бальніца № 6. Ад шапіка да ўвахода ў бальніцу — менш за 500 метраў.
Адна з “Табакерак” у мікрараёне Серабранка паўстала проста насупраць увахода ў загс. Яшчэ адзін тытунёвы шапік паставілі крыху далей, каля крамы бытавой хіміі. Да сярэдняй школы № 129 — 120 метраў.
Прадаваць тытунёвыя вырабы будуць на прыпынку транспарту насупраць кінатэатра “Кіеў”. Акрамя, уласна, кінатэатра, у якім гандляваць цыгарэтамі забаронена згодна з Дэкрэтам № 2 Аляксандра Лукашэнкі ад 24 студзеня 2019 года, непадалёк — школа № 35 (200 метраў), дзіцячы садок № 218 (240 метраў) і дзіцячы садок № 201 (290 метраў).
На прыпынку каля дома № 32 па вуліцы Кальцова з “Табакеркай” суседнічае дзіцячая паліклініка (цераз дарогу, 70 метраў) і дарослая паліклініка (цераз дарогу, 110 метраў).
Не абмінулі тытунёвыя шапікі і Кунцаўшчыну. Тут адзін з іх паставілі каля ўвахода на Заходні рынак. Да “Табакеркі” недалёка ісці ад паліклінікі № 31 — усяго 280 метраў.
и сюда добрались, шакалы. pic.twitter.com/iRdwTOOIN9
— Йэжов (@el_magico_66) 24 июля 2019 г.
Некалькі “Табакерак” усталявалі ў мікрараёне Малінаўка. Адна з іх — на скрыжаванні вуліц Слабадской і Рафіева. Адлегласць да дзвюх школ (№№ 207 і 215) і двух дзіцячых садкоў (№№ 557 і 563) складае ад 170 да 340 метраў.
Усяго ў Мінску плануецца ўсталяваць каля 500 “Табакерак”. Пакуль што яны не працуюць. Калі вы заўважыце, што чарговы шапік паставілі недалёка ад бальніцы, паліклінікі, школы ці дзіцячага садка — дасылайце нам здымкі ды адрасы. Нас дастаткова тэгнуць у Твітэры, Фэйсбуку ці Інстаграме ці даслаць ліст на электронную скрыню [email protected]