Масавае затрыманне ў Маскве — за кратамі больш за 100 чалавек
Раніцай у панядзелак да будынка Замаскварэцкага суда прыйшлі сотні людзей. Там сёння агучаць прысуд па "балотнай справе".
Паліцыя затрымала больш за сотню прысутных, якіх завезлі ў аддзяленні паліцыі. Сярод іх — апазіцыянер Аляксей Навальны (на здымку). Таксама схапілі чатырох "ласёў" — "грамадзян, апранутых у касцюмы гэтых жывёлаў". Праваахоўнікі тлумачаць свае дзеянні тым, што затрыманыя "парушалі грамадскі парадак", спрабавалі прарваць ачапленне, паведамляе РІА "Новости".
Нагадаем, фігурантамі "балотнай справы" сталі каля 30 удзельнікаў вулічнай акцыі пратэсту ў Маскве, якіх абвінавачваюць у "масавых беспарадках", а некаторых і ва ўжыцці гвалту ў адносінах прадстаўнікоў улады.
Як стала вядома, сярод затрыманых у расійскай сталіцы ёсць і беларус — Максім Вінярскі. Яго, дарэчы, не першы раз затрымліваюць на вулічных акцыях у Маскве.
Фота — ria.ru