Маск запускае ракеты на мільёны долараў, а ў Афрыцы халера – #ІхНоравы

Ілан Маск 

Ілан Маск  / @rubanau_collage

Усё ж цяжка прызвычаіцца да таго, які наш свет супярэчлівы. Ілан Маск можа дазволіць сабе бавіцца з касмічнымі ракетамі, у прамым сэнсе выкідваючы шалёныя грошы на вецер. І ў гэты ж самы час у Зімбабвэ людзі паміраюць з-за таго, што ў іх элементарна няма чыстай пітной вады. Пра гэта, а таксама пра выратаванне тыграў і расстанне праз смерць сям’і Картэр – у нашым чарговым аглядзе міжнародных навін.

Ілан Маск застаўся задаволены выбухам сваёй касмічнай ракеты

Усім бы быць такімі ўпартымі, як Ілан Маск. Ну, і багатымі, вядома. На выходных яго касмічная кампанія SpaceX распачала другую спробу запусціць у космас звышцяжкі карабель Starship — самую вялікую і магутную ў гісторыі чалавецтва ракету. У другі раз мільёны долараў літаральна пусцілі на вецер — ракета ўзляцела, але праз 8 хвілін пасля старту з касмадрома ў Тэхасе сувязь з ёй прапала, і была запушчаная функцыя самазнішчэння.

Тым не менш, аптыміст Маск лічыць гэты запуск паспяховым. “На адзін крок бліжэй да мэты”, — напісаў Маск у сацсетках. У ідэале планавалася, што ракета абернецца вакол зямлі і ўпадзе ў Ціхі акіян.

Маск запускае ракеты на мільёны долараў, а ў Афрыцы халера – #ІхНоравы
"Упершыню з'явілася ракета, якая можа зрабіць жыццё шматпланетным. Развілка чалавечага лёсу", – напісаў Ілан Маск.

Першае выпрабаванне адбылося ў сакавіку 2023. Тады ракета пражыла 4 хвіліны — удвая менш, чым цяпер, пасля дапрацоўкі. Ну і старт адбыўся ў штатным рэжыме, і ўсе ступені аддзяліліся, як задумана.

Памерла жонка найстарэйшага былога прэзідэнта ЗША Разалін Картэр

Яна пайшла з жыцця ў сваім доме ў штаце Джорджыя “мірна, побач з сям’ёй”, як сказана ў афіцыйнай заяве. Разалін было 96 гадоў.

Разалін Картэр засталася ў гісторыі не толькі як першая лэдзі свайго мужа, якому цяпер 99 гадоў — прэзідэнта ЗША Джымі Картэра, Нобелеўскага лаўрэата прэміі міра 2002 года. Яна была яго найбліжэшым дарадцам, нават, як казалі пра яе — “супрэзідэнтам”, бо праз яе ўплыў прымаліся найважнейшыя рашэнні і праводзіліся перастаноўкі ў кабінеце міністраў.

Але амаль 40 гадоў пасля гэтага Разалін была надзвычайна актыўнай прадстаўніцай гуманітарных арганізацый. Яна заснавала праваабарончы Цэнтр Картэра, а таксама клапацілася пра пажылых людзей з інваліднасцю, абмежаваннямі і хранічнымі захворваннямі, збірала грошы на дапамогу людзям з псіхічнымі захворваннямі.

Сям’я Картэр сама перажывала цяжкія праблемы са здароўем у сталым узросце. Разалін хварэла на дэменцыю і за апошнія месяцы яе стан моцна пагоршыўся. А былы прэзідэнт цяпер знаходзіцца ў хоспісе. У 2015 годзе ў яго знайшлі пухліны ў мозгу.

У пачатку года Джымі Картэр вырашыў адмовіцца ад медычных умяшальніцтваў і пачаў рыхтавацца да сыходу з жыцця. Але Разалін пайшла першай. Яны пражылі разам 77 гадоў.

У Зімбабве – надзвычайнае становішча з-за халеры

Ад гэтай небяспечнай і надзвычайна заразнай хваробы ўжо памерлі, па розных дадзеных, ад 120 да 150 чалавек, але лабараторна халера была пацверджаная пакуль толькі ў 50 выпадках. Сімптомы праявіліся ў больш за 7000 чалавек.

У сталіцы гэтай афрыканскай краіны Харарэ ўвялі надзвычайнае становішча. Але эпіцэнтрам стала правінцыя на ўсходзе краіны, на мяжы з Мазамбікам. Чырвоны Крыж і Чырвоны Паўмесяц б'юць трывогу і папярэджваюць, што эпідэмія можа перакінуцца на суседнія краіны.

Улады Зімбабвэ прызнаюць, што не спраўляюцца, і просяць міжнародную супольнасць дапамагчы. Патрабуецца перш за ўсё чыстая вада, але таксама лекі, абсталяванне і медыкі.

Маск запускае ракеты на мільёны долараў, а ў Афрыцы халера – #ІхНоравы
У Зімбабвэ жахлівая сітуацыя з доступам да чыстай пітной вады / Shaun Jusa/Xinhua

"Людзі капаюць калодзежы побач з выграбнымі ямамі, асабліва ў пасёлках іншых прыгарадаў, дзе няма водаправода. Гэта азначае, што іх пітная вада забруджаная", — назваў прычыну ўспышкі халеры мэр Харарэ Ян Маконе.

Халеру правакуе бактэрыя, якая перадаецца праз забруджаную ваду ці ежу. Яна вельмі лёгка распаўсюджваецца — літаральна праз пацісканне рук. Захворванне праяўляецца праз неўтаймоўныя ваніты і дыярэю, якія прыводзяць да вялікай страты вадкасці ў арганізме. Калі абязвожванне становіцца крытычным, чалавека немагчыма выратаваць ад смерці.

Тыгры вяртаюцца ў дзікую прыроду

Большасць з нас ніколі не пабачыць тыгра ў натуральным асяроддзі, не кажучы пра тое, каб наблізіцца да яго. А ў Непале, у так званым Калідоры Кхата людзі жывуць побач з тыграмі — і назіраюць вяртанне выміраючага віда ў джунглі.

Кхата — гэта 24-кіламетровы шлях у Нацпарку на мяжы Непала з Індыяй. Тут займаюцца захаваннем бенгальскіх тыграў. Бхадай Тару, жыхар Кхаты і эколаг, які працуе над аднаўленнем лясоў, калісьці страціў вока праз тое, што на яго напаў тыгр — падчас назірання за ім у лесе. Але мужчыну гэта не спыніла. Ён усё адно ўпэўнены, што “караля джунгляў” трэба захаваць як від, які свабодна жыве ў лесе, а не якога можна пабачыць толькі ў заапарку.

І яго праца мае сэнс. У гэтым рэгіёне — у Непале і Індыі — жыве каля 70% сусветнай папуляцыі тыграў. І за апошнія 17 гадоў папуляцыя тыграў падвоілася. Цяпер іх каля 3167 асобін. Усяго ж у свеце, па апошніх падліках, каля 4500 тыграў. На непальскай тэрыторыі яшчэ дзесяцігоддзе таму жыло каля 120 гэтых прыгожых драпежнікаў, цяпер жа — утрая больш.

Маск запускае ракеты на мільёны долараў, а ў Афрыцы халера – #ІхНоравы
У Непале і Індыі сталі лепей ахоўваць джунглі – і колькасць тыграў выміраючага віду заўважна павялічылася / Anupam Roy/iStockphoto/Getty Images

Як гэтага ўдалося дамагчыся? Па-першае, скарацілася вырубка лясоў, пасля якой джунглі не паспявалі аднавіцца — і тыгры, у выніку, страчвалі свой дом. Па-другое, разам з узмацненнем аховы прыродных тэрыторый спынілі некантраляванае паляванне і браканьерства.

Але галоўнае — улады ўцягнулі ў выратаванне тыграў мясцовых жыхароў. Гэта вынік вялікай асветніцкай працы і пераконвання, што тыгры — хоць і небяспечныя драпежнікі, але патрэбныя прыродзе, а значыць, людзям. Таму не варта іх вынішчаць, варта, наадварот, абараняць і берагчы ўнікальныя джунглі, гонар і вялікую каштоўнасць для мясцовых, для краіны і для ўсяго свету.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі