Мастака Алеся Пушкіна прызналі палітвязнем
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнем мастака Алеся Пушкіна, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Пушкіна затрымалі 30 сакавіка ў весцы Жылічы Кіраўскага раёйна Магілёўшчыны. На яго і кіраўніка гродзенскага "Цэнтра гарадскога жыцця" Паўла Мажэйку пачалі крымінальную справу па абвінавачанні ў рэабілітацыі і апраўданні нацызму. Нагодай стаў партрэт Яўгена Жыхара — байца пасляваеннага антысавецкага падполля. Пушкін намаляваў гэты партрэт і вывесіў на выставе ў Гродне.
Мажэйку таксама затрымлівалі, але потым вызвалілі, не выставіўшы ніякія абвінавачванні.
У сваёй заяве ў абарону мастака праваабаронцы падкрэсліваюць: "Выкананне мастаком Алесем Пушкіным партрэта ўдзельніка антысавецкага пасляваеннага партызанскага падполля Яўгена Жыхара ніякім чынам не з’яўляецца апраўданнем ідэалогіі і практыкі нацызму, ухваленнем учыненых нацыстамі злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва, у тым ліку вайсковых злачынстваў, ухваленнем ці апраўданнем дзейнасці арганізацый і асобаў, якія былі прызнаныя злачыннымі прысудамі Міжнароднага вайсковага трыбуналу ці прысудамі іншых судоў, заснаваных на прысудзе Міжнароднага вайсковага трыбунала.
Антысавецкі супраціў, які ажыццяўляўся на тэрыторыі Беларусі ў паваенны перыяд супраць таталітарнага і скрайне рэпрэсіўнага сталінскага камуністычнага рэжыму, таксама з’яўляецца часткай гісторыі нашай краіны. Характарызуючы асобу, якую ён намаляваў на партрэце, Алесь Пушкін не распальваў гэтым варажнечу па нацыянальнай, расавай, рэлігійнай ці іншых прыкметах, не ажыццяўляў прапаганду вайны, не рабіў заклікаў да якіх-небудзь гвалтоўных дзеянняў. Адпаведна ў ягоных дзеяннях адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны арт. 130 КК".
На іх думку, справа супраць Пушкіна мае крайне палітызаваны характар і грунтуецца на ідэалагічным падмурку савецкай гістарыяграфіі.
Праваабаронцы адзначаюць, што нельга караць за выказванне меркавання пра гістарычныя факты.
Яны патрабуюць неадкладна вызваліць Пушкіна з-пад варты і спыніць яго крымінальны пераслед. Таксама патрабуюць перастаць выкарыстоўваць артыкул 130 Крымінальнага кодэкса для пакарання за выказванне меркаванняў пра гістарычныя факты.
Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна" (зачынены ўладамі), РГА "Прававая ініцыятыва”, Беларускі дакументацыйны цэнтр, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", Беларускі ПЭН-цэнтр.
Дарэчы, Алесь Пушкін быў госцем Еўрарадыё ў праграме "Ідэя Х".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.