"Мазахізм" і "ў нас не "Тытанік": Зяленскі аб вучэннях у Беларусі і дыпламатах
Уладзімір Зяленскі / Reuters
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што верагоднасць ўварвання Расіі ва Украіну застаецца высокай. Ён раскрытыкаваў расійска-беларускія вайсковыя вучэнні і адзначыў, што Расіі варта дэманстраваць канкрэтныя крокі, якія падмацоўваюць заявы аб тым, што Крэмль за мінскія перамовы.
— Навошта такая колькасць вайскоўцаў, навошта праводзіць так часта вучэнні? Навошта вучэнні менавіта тут, на гэтых межах. Вы ж разумееце, што гэта рызыкі, гэта не бяспечна, можа быць правакацыя. Нават калі ты не збіраешся, для чаго ты гэта робіш? Запалохваць? Што гэта за мазахізм? Што хтосьці баіцца? — сказаў Зяленскі на прэс-канферэнцыі з замежнымі СМІ.
Кіраўнік Украіны зноў заклікаў не панікаваць і адзначыў, што замежным дыпламатам не варта пакідаць Украіну.
— Я лічу, што пасольскія работнікі і дыпламаты павінны быць тут. Гэта капітаны дыпламатыі. Прадстаўнікі сваіх дзяржаў, і мы ведаем, што апошнімі капітаны пакідаюць карабель. А я лічу, што ў нас не "Тытанік". Украіна ідзе наперад, — падкрэсліў Зяленскі.
У той жа час ЗША адправяць вайскоўцаў у краіны Усходняй Еўропы, якія ўваходзяць у НАТА. Аб гэтым заявіў Джо Байдэн. У якія канкрэтна краіны будуць адпраўленыя войскі, Байдэн не ўдакладніў, але адзначыў, што іх будзе "не вельмі шмат".
А Расія даставіла медыцынскія падраздзяленні да мяжы з Украінай, піша The Wall Street Journal.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.