Меркаванне: АДКБ ― гэта рэінкарнацыя Свяшчэннага саюза для падтрымкі дыктатараў

Кіраўнікі краін АДКБ на адной з сустрэч / РІА Новости
Кіраўнікі краін АДКБ на адной з сустрэч / РІА Новости

Пра Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) успаміналі рэдка. Але на фоне пратэстаў у Казахстане і ўводу "міратворцаў" арганізацыі ў краіну тэма стала зноў актуальнай.

Што такое АДКБ і ці трэба Беларусі ўзмацняць абараназдольнасць сваёй краіны. Гэтую тэму ў часе дыскусіі "Экспертнага асяроддзя", арганізаванай НАУ, закрануў аналітык праекта Belarus Security Blog Дзмітрый Міцкевіч. Публікуем меркаванне эксперта.

•••

Адзначу, што АДКБ спрабуюць параўноўваць з НАТА, што не зусім правільна. Бюджэт АДКБ як арганізацыі — 4 млн долараў, у яе склад уваходзяць 6 дзяржаў. У НАТА 30 дзяржаў, і яе бюджэт складае 225 млн долараў, пры гэтым дзяржавы-сябры павінны вылучаць 2% ад ВУП на фінансаванне ваеннага саюза. У АДКБ пра такое нават гаворкі не ідзе.

Мнение: "ОДКБ ― это реинкарнация Священного союза для поддержки диктаторов"

Калі паглядзець геаграфічна, то ў АДКБ прадстаўлена Еўропа, Каўказ і Сярэдняя Азія. Ва ўсіх гэтых рэгіёнах прысутнічае Расія. І калі прааналізаваць пратаколы пасяджэнняў АДКБ, то высветліцца, што 80% парадку дня складаюць пытанні Цэнтральна-Азіяцкага рэгіёна, дзе існуе рэальная ваенная пагроза.

Разам з тым два ўдзельнікі АДКБ спрабуюць выкарыстоўваць гэтую арганізацыю для прад'яўлення сваіх палітычных меседжаў — гэта Беларусь і Арменія. Але ў АДКБ да гэтых меседжаў асабліва ніхто не прыслухоўваецца, паколькі іх сяброўства ў гэтай структуры хутчэй сімвалічнае, што пацвярджаецца тым, якую дапамогу аказалі Арменіі "хаўруснікі" ў часе карабахскага канфлікту.

Шанцы на пашырэнне АДКБ не праглядаюцца. Інтарэсаў Расіі фінансаваць ваенныя расходы іншых краін на цяперашні момант няма.

АДКБ — гэта рэінкарнацыя Свяшчэннага саюза з XIX стагоддзя для падтрымкі дыктатарскіх рэжымаў. Таму Беларусі не варта перажываць наконт дакладнага абазначэння сваёй пазіцыі ў плане выхаду з АДКБ, паколькі гэты саюз рухаецца да лёсу СНД.

Без напаўнення двухбаковых адносін паміж краінамі-сябрамі АДКБ гэта аб'яднанне па факце пачне ператварацца ў своеасаблівае СНД. Усе бачылі, як АДКБ працуе ў стрэсавых сітуацыях: ніяк.

Таму неабходна самім гарантаваць уласную бяспеку. І тут узнікае пэўная праблема. Паводле звестак 2015 года, у перыяд актыўнай фазы расійска-ўкраінскага канфлікту на самым папулярным у Беларусі інтэрнэт-рэсурсе праводзілася апытанне. На пытанне "Якія сферы патрабуюць скарачэння фінансавання?" 56% беларусаў адказалі: "Абарона і нацыянальная бяспека".

Гэта паказвае, якое месца ва ўяўленні беларускага грамадства займаюць пытанні абароны і бяспекі. Дзве суседнія краіны вядуць вайну, а мы лічым, што неабходна скарачаць бюджэт на войска. Трэба тлумачыць людзям, чаму неабходна ўзмацняць абараназдольнасць і павялічваць фінансаванне гэтай сферы.

Можна прывесці прыклад Арменіі. Гэта дзяржава таксама сябра АДКБ, але досыць цесна супрацоўнічае з НАТА, якое прапануе партнёрскія праграмы супрацоўніцтва.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі