Нашто сілы АДКБ ляцяць у Казахстан? Версія Шульман, Шрайбмана і іншых экспертаў

Што кажуць эксперты пра сітуацыю ў Казахстане / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Што кажуць эксперты пра сітуацыю ў Казахстане / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) са структуры, якая існавала толькі на паперы, ператвараецца ў рэальную: было вырашана накіраваць кантынгент у Казахстан, дзе ўжо некалькі дзён праходзяць масавыя пратэсты. Што гэта азначае і да чаго можа прывесці? Сабралі меркаванні беларускіх і расійскіх экспертаў.
 

"Гульня па-банку"

Зачем силы ОДКБ летят в Казахстан? Версия Шульман, Шрайбмана и других экспертов

Адразу пасля з'яўлення навіны пра рашэнне АДКБ увесці міратворцаў у Казахстан палітычны аналітык Арцём Шрайбман апублікаваў невялікі, але ёмісты каментар:

"Увод войскаў АДКБ у Казахстан — гэта, вядома, гульня па-банку. Калі гэта не распужае пратэстоўцаў (паўстанцаў?), то будзе вялікая кроў. І пасля гэтага імідж постсавецкай інтэграцыі ў Казахстане, і так не самы добры дагэтуль, будзе падарваны, як ва Украіне, хто б ні перамог.

Дзіўна, колькі ўпэўненасці ў адваротным у тых, хто ўхваляе такое рашэнне. Гэта нават не кажучы пра рызыку атрымаць дадому плынь трунаў з хлопцамі, якія загінулі на абароне чужой нязграбнай аўтакратыі, што нідзе не бывае папулярным.

І ўсім жа гэтым пенсійным прэзідэнтам досыць гадоў, каб памятаць Афганістан. Няўжо так палохае праекцыя на сябе, што аж рука калоціцца?"

 

"Не зробіць добрага ўражання"

Зачем силы ОДКБ летят в Казахстан? Версия Шульман, Шрайбмана и других экспертов

Расійскі палітолаг Кацярына Шульман у эфіры "Эхо Москвы" выказала сваю ацэнку сітуацыі:

"Я думаю, у мяне, як і ва ўсіх, выклікае пэўную збянтэжанасць тое, што кіраўнік Казахстана зрабіў тое, чаго не зрабілі ні Лукашэнка, ні Януковіч: паклікаў у сваю краіну замежныя войскі. І паклікаў такім чынам, што гэта легітымна. Калі я не памыляюся, у Кыргызстане быў запыт, але не было згоды. То-бок гэта першы выпадак, калі АДКБ праяўляе сябе як дзейная арганізацыя", — адзначыла Шульман.

Палітолаг дадала, што пад "псеўданімам" АДКБ у якасці баявой сілы будзе выступаць пераважна Расія.

"Гэта можа быць вельмі нядобра для рускага насельніцтва ў Казахстане. Вельмі не хацелася б, каб у вачах сваіх суседзяў яны выглядалі як памагатыя акупантаў. Як гэта глядзіцца? Народ паўстаў супраць тырана, а ён заклікаў замежных вайскоўцаў для таго, каб душыць гэтыя пратэсты. Вельмі лёгка ўявіць сітуацыю так — больш за тое, з пункту гледжання незадаволеных немагчыма ўявіць, як інтэрпрэтаваць яе інакш. Гэта можа напалохаць людзей, у якіх няма ні арганізацыі, ні правадыра, і яны могуць рассмактацца, гэта не неймаверны варыянт. Але тое, што гэта не зробіць ні на кога добрага ўражання, — увогуле, мабыць, зразумела".

 

 

"Што будуць рабіць казахскія вайскоўцы?"

Зачем силы ОДКБ летят в Казахстан? Версия Шульман, Шрайбмана и других экспертов

Расійскі палітолаг Абас Галямаў адзначае, што без папярэдніх дамоўленасцяў з публічнымі просьбамі такога кшталту, як зрабіў прэзідэнт Казахстана, не звяртаюцца.

"Значыць, калі ён не канчаткова звар'яцеў ад страху, дамоўленасці гэтыя ў яго ёсць", — разважае ён.

Лукашэнка, па словах Галямава, можа лёгка сваіх сілавікоў адправіць на задушэнне казахскіх пратэстаў — "проста на адных эмоцыях, на нянавісці да ўсякага роду апазіцыі". Пуціну, кажа ён, таксама "будзе складана ўтрымацца".

"Праблема толькі ў тым, што незразумела: а што ў гэтай сітуацыі казахскія вайскоўцы рабіць будуць. Назарбаеў сышоў, ім праз Такаева кроў ліць? Мяркуючы па іх сённяшніх паводзінах, яны ад гэтай перспектывы не ў захапленні. А тут гэты недапрэзідэнт яшчэ замежных акупантаў запрасіў, тыя братоў-казахаў мачыць пачалі. Тут жа ўжо нацыянальны фактар уключыцца, а ён — ох які моцны драйвер.

Карацей, ніхто цяпер не можа выключыць, што ў выпадку з'яўлення ў Казахстане сілавікоў славянскай знешнасці частка казахскіх Узброеных сіл і паліцыі пяройдзе на бок паўстанцаў. І тады гэта ўжо не проста прагулка будзе, а новы Афганістан", — дадаў палітолаг.

 

Дрэнна для Беларусі?

Зачем силы ОДКБ летят в Казахстан? Версия Шульман, Шрайбмана и других экспертов

Палітычны аналітык Ігар Тышкевіч у сваім відэа, прысвечаным сітуацыі ў Казахстане, адзначае:

"У часе карабахскай вайны апошняй Пашынян ледзь не на каленях прасіў АДКБ адрэагаваць — рэакцыі не было. А цяпер, праз літаральна пару гадзін, прымаецца рашэнне АДКБ пра тое, што міратворчы кантынгент будзе накіроўвацца".

Як адзначае аналітык, на падставе "тэрарыстычнай пагрозы" ўводзяцца сілы хуткага рэагавання, а камандаванне імі павінна было быць аддадзена самім казахам. Але сітуацыя іншая.

"Але прэзідэнт Арменіі агучыў іншую версію: што ўводзяцца калектыўныя міратворчыя сілы. Яны ўводзяцца тады, калі ёсць два бакі. Другое: паколькі ёсць два бакі, яны не падпарадкоўваюцца ні аднаму з бакоў. Яны могуць у сілу свайго мандата не дапускаць сутыкненняў паміж бакамі. Што мы атрымліваем? Войскі АДКБ уводзяцца, але не пад казахскае камандаванне, а сумеснае (лічы, расійскае), яны не толькі не падпарадкоўваюцца Казахстану, але тэарэтычна могуць стаць паміж урадавымі сіламі і паўстанцамі і пасля гэтага на палітычным узроўні патрабаваць нейкіх перамоваў, дыялогу. І ключавое: Расійская Федэрацыя фактычна бярэ пад кантроль аб'екты крытычнай інфраструктуры Казахстана".

 

Зачем силы ОДКБ летят в Казахстан? Версия Шульман, Шрайбмана и других экспертов

Ваенны аналітык Ягор Лебядок нагадвае, што сілавікоў накіроўваюць без згоды парламента, па рашэнні Лукашэнкі. Пры гэтым салдатаў тэрміновай службы і афіцэраў па прызыве таксама накіроўваць у Казахстан не павінны. Тыя ж, хто паляціць, павінны даваць пісьмовую згоду на ўдзел у аперацыі.

"Не думаю, што ў сур'ёзным негатыўным варыянце пэўная колькасць трупаў беларускіх вайскоўцаў-добраахвотнікаў з Казахстана зменіць сітуацыю ў Беларусі: для народа не асабліва сумна — самі захацелі, для прыхільнікаў Лукашэнкі чарговыя героі на тыдзень вайны з Захадам, пра якіх і забудуць пры змене парадку дня. Іншая рэч, калі ў Казахстане нашы і расіяне пазабіваюць казахаў, а тыя, уключаючы вайскоўцаў і паліцыю, успрымуць гэта як замежную агрэсію (што імаверна), то тут сітуацыя на міжнародным узроўні ўскладніцца для адпраўніка", — разважае Лебядок.

У выпадку лакалізацыі аэрапорта, кажа эксперт, трэба будзе праводзіць спецаперацыю для таго, каб "выцягнуць" з Казахстана кантынгент. "Інакш будуць сотні зняволеных або ваеннапалонных, за якіх ужо самому давядзецца таргавацца. Рашэннем аднаго на адпраўку сіл Беларусь можа ўвязацца ў вайну з пакуль яшчэ хаўруснікам", — дадае Лебядок.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі