Мезенцаў: Масква і Мінск могуць бліжэйшым часам дамовіцца па нафце і газу
Бліжэйшым часам Расія і Беларусь могуць знайсці аптымальныя рашэнні па нафтагазавых пытаннях. Пра гэта заявіў расійскі амбасадар у Беларусі Дзмітрый Мезенцаў.
"Нягледзячы на пэўныя адрозненні ў падыходах бакоў, аптымальныя рашэнні, якія задаволяць партнёраў, павінны быць знойдзеныя бліжэйшым часам, што таксама пацвердзіць маштаб і практыку двухбаковага ўзаемадзеяння па нафце і газу", — прыводзіць ТАСС словы дыпламата.
Пры гэтым Мезенцаў падкрэсліў, што Расія гатовая кампенсаваць шкоду ад паставак "бруднай" нафты ў 2019 годзе. Ён дадаў, што Беларусь дакументальна пацвердзіла страты, прычыненыя нафтаперапрацоўчым заводам. Гатовасць аплаціць шкоду дыпламат назваў "прыхільнасцю саюзніцкім адносінам".
Як вядома, з 1 студзеня Расія спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, бо да Новага года краіны не падпісалі адпаведныя кантракты. Тым часам кантракты на пастаўку газу былі падпісаныя.
У пошуках нафты афіцыйны Мінск звярнуўся ў іншыя краіны — у тым ліку, у Казахстан, Азербайджан, Украіну, Польшчу, краіны Балтыі. Днямі стала вядома, што перамовы пра закупку нафты ідуць з Азербайджанам. Таксама Беларусь купіла 80 тысяч тон нарвежскай нафты, якую разгрузяць у Клайпедзе і чыгункай даставяць на беларускія НПЗ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.