Мігрант скраў машыну недалёка ад мяжы з Польшчай
Угнаны аўтамабіль
45-гадовы жыхар вёскі Бардзеўка Камянецкага раёна выйшаў з дому пагутарыць з памежнікамі — і не ўбачыў свайго VW Пасат, зусім нядаўна прыпаркаванага ў двары. Пра знікненне машыны мужчына паведаміў у міліцыю. На пошукі накіраваліся не толькі супрацоўнікі Камянецкага РАУС, але і памежнікі.
Неўзабаве асоба зламысніка была выяўленая. Ім аказаўся 45-гадовы замежнік. Затрымалі яго супрацоўнікі ДАІ ў раёне Бярозы. У гэты час госць Беларусі рухаўся па трасе М1 "Брэст — Мінск — мяжа РФ" у бок беларускай сталіцы.
Як высветлілася, зламыснік прыбыў у Мінск на самалёце, пасля чаго прыехаў у Камянецкі раён. У міліцыі мужчына не змог растлумачыць свой учынак. У дзень угону ён скарыстаўся тым, што машына аказалася незачыненай, а ў замку запальвання былі пакінутыя ключы — беларус быў абсалютна ўпэўнены ў тым, што на яго аўтамабіль проста няма каму спакусіцца. Выкрадальнік завёў транспартны сродак і з'ехаў.
Цяпер замежны грамадзянін знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, а сілавікі ўстанаўліваюць матывы ўгону, а таксама мэту яго візіту ў Беларусь. Пакуль што распачатая крымінальная справа за крадзеж.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.