Міхей Насарогаў: Хачу вылезці з іміджа дурня з балалайкай

Еўрарадыё: Дык што ж гэта за два альбомы?

Міхей Насарогаў: Адзін далікатны “Красивый”, а другі хуліганскі “Берлин”. Таму і вырашыў рабіць два альбомы. А самае цікавае, што некаторыя песні будуць і там, і там, толькі гучаць будуць зусім па-рознаму! Вось такая задума (усміхаецца).

Еўрарадыё: У прынцыпе, ўсе твае тэксты дастаткова рамантычныя, але адначасова і хуліганскія. Дык у чым прыкол?

Міхей Насарогаў: Ну, мне заўсёды хацелася папрацаваць з розным гукам. Бо мне, з аднаго боку, падабаюцца раннія запісы “Гражданской Обороны”, з якіх трэба тэкст выкалупваць па макулінках, а з іншага, мне блізкі такі артыст, як Everlast. Такое мне таксама хацелася б паспрабаваць і нават атрымліваецца па-свойму. А па тэкстах мне кажуць, што яны пазнавальныя, але пастаўце побач загалоўную песню “Берлин” і “Кусать тебя” з дыска “Красивый”. Розніца будзе неверагодная.

Еўрарадыё: Давай па-чарзе! Спачатку пра альбом “Берлин”. У чым яго адметнасць?

Міхей Насарогаў: Ну, па-першае, ён электрычны. Я абазваў стыль гэтага альбома, як дыска-швайн, — гэта і будзе яго асноўнае адрозненне. Думаю, што яго будзе добра слухаць на вяселлях, карпаратывах, калі ўжо хутка ўсё скончыцца, калі з рыдыкюля дастаюцца пятакі, капыты, і людзі гатовыя паказаць сябе ва ўсёй прыгажосці. Усе трэкі будуць зробленыя пад прымітыўную, “у лоб”, зубадрабнільную драм-машынку. Там будзе шмат запазычанняў: пачынаючы ад нямецкага тэхна ды порна разам з Rammstein і да нейкага кабарэшнага прыкола. Я ўжо канчаткова зрабіў дзве песні на гэты альбом, але пакуль выкладаць іх не буду, бо хачу яшчэ тры-чатыры трэкі зрабіць. Гэта ж такая забава! Як сінгл, адна песня — тухлавата. Таму я буду паведамляць пра яго запаўненне, а вось калі вырашу, што ён скончаны, тады і будзем рабіць дыскі.

Еўрарадыё: А альбом “Красивый”?

Міхей Насарогаў: Ён насамрэч прыгожы! Мне падаецца, што гэта такая спроба зрабіць папсовы прадукт, можа, нават, фарматны, радыйны. Мне б хацелася, бо мне гэта вельмі цікава і, дарэчы, гэта неверагодна складана.

Еўрарадыё: А гэта цалкам сольныя працы ці ўсё ж запрошаныя музыкі ёсць?

Міхей Насарогаў: Натуральна, мы кажам пра сольнік, але мне дапамагаюць. Напрыклад, са Славам Сергяенкам мы запісалі трэк “Куклы”, які днямі быў прэзентаваны ў інтэрнэт. Гарык Плевін вельмі моцна займаецца аранжыроўкай. То бок ён не проста гэта ўсё запісвае на студыі “Осмос”, мы з ім цалкам збіраем рытм-секцыі, малюнкі меладычныя… З аднаго боку, я імкнуся выкарыстоўваць мінімум сродкаў, але каб было зразумела і цікава. Ну, і натуральна мне цікава арыентавацца на сусветны ўзровень. Можа, гэта і пафасна гучыць, але ў каго яшчэ вучыцца? Зразумела, што, калі побач трэкі паставіш, то смешна гучыць, але патуга ж ёсць (усміхаецца).

Еўрарадыё: Раней ты казаў, што будзеш займацца музыкай, калі зразумееш, што гэта сур’ёзны крок наперад…

Міхей Насарогаў: Ну вось! Мне падаецца, што гэта і ёсць развіццё. Развіццё асабістае, развіццё зацікаўленнасцяў. Я цяпер займаюся тым, што раскачваю лодку. Мне б хацелася вылезці з іміджу дурня з балалайкай. Пры тым, што я вельмі люблю укулеле і думаю, што мы з ёй будзем заўсёды побач ісці. Днямі да мяне прыязджала мама і прывезла яшчэ адну. Цяпер іх у мяне дзевяць, ад малой да вялікай. Яны да мяне ўжо самі прыходзяць, я іх нават не клічу. Але я заўважыў, што вельмі важна, пад што ты пішаш трэк першапачаткова. На укулеле ёсць пэўныя цікавыя хады, якія перакладаеш на гітару, але гучаць яны ўжо сумнавата. Але ёсць трэкі, якія я проста малачу нагой у падлогу і начытваю. Магчыма, што іх і трэба будзе так будаваць, пачынаючы з рытм-секцыі, а там няхай ужо музыкі падбіраюць пэўную танальнасць ды малюнак. Карацей, я адпусціў сябе і мне цяпер прывольна.

Гурт — як сям’я, а куды ўжо заводзіць сям’ю ў 40 гадоў.

 

 

Еўрарадыё: Канцэртныя выступы з гэтымі альбомамі таксама будуць з запрошанымі музыкамі?

Міхей Насарогаў: Не! Праца скончаная! Навошта!? А што зменіцца? Я як любіў лакальныя сітуацыі, так і люблю. Мне падабаецца выступаць у невялікіх камерных клубах. Навошта цягнуць музыкаў, каб яны выканалі дзве-тры партыі. Безумоўна, было б цікава сабраць вялікі склад, але пазаймаўшыся гэтым, я разумею што патрэбны вельмі моцны рэсурс. То бок людзі, якія дзесьці зарабляюць грошы, потым ідуць штосьці пайграць у гаражы… а я хачу, але ўжо не магу, а ў мяне тое-сёе, а ў мяне іншы канцэрт… Нічога з гэтага не выйдзе! А магчымасці заплаціць музыкам за паўгода працы, напрыклад, у студыі, у мяне няма… пакуль… Бо я яшчэ не ведаю, што будзе далей. А ў сітуацыі, як з гуртом Depeche Mode ці RHCP, калі з маладых пазногцяў і ўсё яшчэ разам, я не веру. Па-першае, я сам эгацэнтрыст, а па-другое, такі гурт, як сям’я, а куды ўжо сям’ю ў 40 гадоў заводзіць. Таму я планую далей працаваць пад сваім брэндам і ў сольным плаванні. Калі камусьці гэта будзе даспадобы — калі ласка, калі не — прабачце, але гэта будзе "нОсОрОгОв". Я больш не жадаю раскідвацца і нешта там дзяліць.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, менавіта з’яўленне такога падыходу і стала прычынай спынення праекта “Черчиль”?

Міхей Насарогаў: Не! Ты перадзёргваеш! Гэта, хутчэй, неабходнасць, маё валявое рашэнне. Займацца “Черчиль” было вельмі цікава. Вельмі прыемна збірацца, граць разам музыку! Але займацца гэтым як хобі я не жадаю. А значыць, трэба аддаваць гэтаму значна больш часу, чым мог сабе дазволіць “Черчиль”. Пры тым, што з лёгкай рукі Пашы Юрцэвіча (кіраўнік студыі “ОСМОС” — заўв. Еўарардыё) нам было дазволена збірацца вельмі часта. Зноў жа, паўтаруся: па-першае ўсе ўдзельнікі былі вельмі занятыя ў іншых праектах, а таму сабрацца і зрабіць якасны прадукт вельмі складана. Па-другое, “Черчиль” — калектыў з некалькі анархічным падыходам да справы, то бок, рашэнні прымаліся калектыўна. А гэта значыць, “ля-ля-ля” пакуль усе не нацешацца, маўляў, а давай гэтак, а давай так… У выніку працэс зацягваецца надоўга, а мяне гэта ўжо не цікавіць, бо мне няма калі, я вельмі спяшаюся. “Черчиль” — быў не гурт, а менавіта праект. Гэта эксперымент, на які пагадзіліся ўсе ўдзельнікі, і ён атрымаўся на дастаткова высокім узроўні. Вось толькі не стаў ні для каго першарадным. А тады навошта ім займацца? Жыццё трэба аддаваць на тое, што важна, тое, што не важна, само наліпае.

Еўрарадыё: А што будзе з трэкамі “Черчиль”, якія так нідзе і не выдаваліся?

Міхей Насарогаў: А вось гэта цікава! “Черчиль” паспеў запісаць два трэкі, калі не памыляюся, без вакалу. Днямі я іх на студыі праслухаў, яны выдатныя. Магчыма, калі я назапашу сілаў, бо цяпер гэтым больш няма каму займацца, то гэтыя трэкі звядзем і пад патранажам “ОСМОС” іх выдадзім.

Мы заўсёды казалі, што ў RockerJoker будзе пачатак і будзе канец.

Еўрарадыё: Ну, і немагчыма не спытацца пра RockerJoker?

Міхей Насарогаў: Тут усё зразумела і дакладна. Мы не раз з Максам (баяніст гурта Макс Сіры — заўв. Еўрарадыё) казалі, што тут у нас усё па розуму, а не ад любові да рок-н-ролу. RockerJoker гучаў так, як гучаў, бо мы толькі так і маглі. Быў бы Макс арфістам, быў бы ў нас іншы гук. Мы заўсёды казалі, што ў гэтага праекта будзе пачатак і будзе канец. Магчыма, RockerJoker вычарпаў пэўны рэсурс. Магчыма, рэсурс нашай зацікаўленасці да яго. У Макса ўсё выдатна! Ён як займаўся, так і займаецца здымкамі кліпаў. Па-мойму, цяпер ён нават падымае больш цяжкую штангу, бо ў яго, відаць, з’явілася магчымасць здымаць кіно. А гэта патрабуе татальнага ўцягвання ў працэс, а адпаведна, з’яўляецца выбар. Таму тут не можа быць ніякіх здзіўленняў. А ўлічваючы, што мы не рабілі ніякіх афіцыйных заяваў, то няхай RockerJoker знаходзіцца ў спячцы.

Еўрарадыё: То бок з Максам вы не сварыліся?

Міхей Насарогаў: Не-не-не! Тут не трэба шукаць ніякіх падводных камянёў ці бруду! Усё атрымалася дастаткова лагічна. Мы сабраліся і зрабілі справу, зрабілі яе дастаткова разумна. Асабіста мне RockerJoker падарыў вельмі шмат. Такую геаграфію! Столькі радасці! Я вельмі ганаруся гэтым праектам. Лічу, што сваю кар’еру, як прафесійны артыст (а так і ёсць, бо дзейнасць RockerJoker так ці інакш аплачвалася), я пачаў менавіта з першага альбома праекта “Простые вещи”. Я нават не чакаў, што мяне так зацягне музыка і ўсе гэтыя, так бы мовіць, публічныя скажэнні. Акурат мне споўнілася 33 гады, калі мы выдалі “Простые вещи”, і я быў абсалютна шчаслівы! Да гэтага часу песню “Морская” для мяне ніхто не перамог. Я яе вельмі люблю, слухаю вельмі рэдка і думаю: “Божа, няўжо гэта мы!?”. На мой густ, гэта ўзровень нейкай залімітавай прыгажосці. Я на гэтым не настойваю, гэта мае ўласныя ўражанні, гэта важна адзначыць, каб потым не забухцелі бурбалкі ў галовах імбрычкаў (усміхаецца).

Цяпер я знаходжуся ў такой кропцы перадаргазму

Еўрарадыё: То бок ты не шкадуеш?

Міхей Насарогаў: Ды няма калі! Гэта няправільна ды непрадуктыўна. Я гэтаму навучыўся ў Макса, ці мы навучыліся разам, ці навучылі адзін аднаго, але ў нас быў дэвіз: ККД (каэфіцыент карыснага дзеяння). Таму разменьвацца на нейкую лухту… Якое шкадавнне… Па-першае, не так шмат часу прайшло, каб засумаваць па ўсім гэтым. Па-другое, калі б мне не было што рабіць, у мяне быў нейкі затык, ці мне не падабалася тое, што я цяпер раблю, то, магчыма, я б нейкія падобныя эмоцыі адчуваў. А ў мяне цяпер усё на столькі бурна, я гэтага так хацеў, што я проста не ведаю, як усё паспець. Я ўсё нешта прыдумляю, а яно ўсё рэалізуецца. Вельмі шмат людзей ідзе мне насустрач, прычым, самі прапануюць дапамогу. Таму цяпер я знаходжуся ў такой кропцы перадаргазму. Цяпер я дазваляю сабе спяваць на канцэртах песні, якіх раней, напэўна, саромеўся. Мне падавалася гэта пафасным, а можа, я проста не дарос да сур’ёзнай лірыкі.

Еўрарадыё: А публіка не пытаецца дзе Макс?

Міхей Насарогаў: Пытаецца! Але іх задавальняе адказ, што Макс у Галівудзе. Яны за яго радуюцца. Ну і ніхто ж нікога не падманвае. Арганізатары ж пішуць на афішах, што гэта мой сольны выступ. У дужках пазначаюць RockerJoker, але чаму б і не. Я ганаруся гэтым праектам, люблю яго і лічу, што ў медыйным сэнсе, ён мне даў шмат.

Еўрарадыё: Ты выконваеш на канцэртах сольныя песні ці рэпертуар RockerJoker?

Міхей Насарогаў: Свайго матэрыялу ў мяне хвілін на 40, гэта без паўз, чыста адмалаціць. Яшчэ на паўгадзіны ідзе так званы джэм-караоке.

Еўрарадыё: Што гэта?

Міхей Насарогаў: Ну, гэта я запазычыў у Стаса Міхайлава: флэшка, мікрафон, танцы. На сцэне можа быць любы чалавек з залы, рабіць выгляд, што ён музыка, падтанцоўка, хто заўгодна. Тут таксама гучаць мае песні і ёсць толькі адзін кавер на RockerJoker. Было б весела, калі б я ездзіў з мінусоўкай баяна і укулелькі і скакаў, але не. Там прысутнічае рытм-секцыя, так што, гэта так ці інакш танцавалка. Я лічу, што барабаны ёсць, значыць, ёсць пад што танчыць. А ўжо трэцяя частка выступу, гэта песні RockerJoker. Праўда, Макс жа цудоўны меладыст. Усе яго душэўныя разлівы на баяне нічым не кампенсуеш, таму такія трэкі я не выконваю. З нацягам я спяваю “Америку”, то бок, скарачаю яе, бо песня існавала і да RockerJoker, і гучыць па-іншаму. А ў асноўным, граю песні, якія былі пабудаваныя на тэкстоўках, дзе салякі не мелі галоўнай ролі. Выконваць, напрыклад, “Пеликаны” без Макса, ці нейкага добрага акампанементу няма сэнсу. Я спрабаваў — не тое. Слухач жа ведае, як яно мусіць гучаць, і яму сумна, калі гэтага няма. Таму матэрыял RockerJoker атрымліваецца крыху кастрыраваны, але я кампенсую гэта скокамі ды дрыганнямі.

Ганарары, якія прапануюць музыкам беларускія клубы, зневажальныя.

Еўрарадыё: А што з канцэртамі ў Беларусі? Калі чакаць?

Міхей Насарогаў: Магчыма, таму што мы з Максам узялі такую традыцыю… ты ж хочаш шчырага адказу? Тыя сумы, якія прапануюць у якасці ганарараў беларускім музыкам мясцовыя клубы, я лічу зневажальнымі. Таму мы з Максам практычна ўсе канцэрты ў Беларусі гралі бясплатна. Калі я буду дакладна гатовы паказаць беларусам вялікую сольную праграму, я падумаю над месцам, дзе яе паказаць. Хутчэй за ўсё, гэта будзе нешта альтэрнатыўнае. Хутчэй за ўсё, я проста выберу кавярню, якая будзе зручна размешчаная, недзе ў цэнтры. Дамоўлюся з імі, што пастаўлю свой гук на канцэрт, а там паглядзім. Сітуацыя такая.

З іншага боку, мы з Сашам Памідоравым з’ездзілі ў Салігорск, дзе адыгралі кватэрнік. Мне падалося, што падчас выканання маіх новых песень публіка была крыху нахмураная. Магчыма, не чакалі, магчыма, былі на тое іншыя прычыны. Але развітваліся з намі з абдымкамі і захлёбваючыся. І ўдзячнасць была НЕЧАКАНА ВЯЛІКАЙ!!! Гэта вельмі прыемна, гэта выдатна, пры тым, што было дастаткова камернае мерапрыемства.

Еўрарадыё: Дарэчы, размовы пра супрацоўніцтва з Памідоравым ужо даўно ідуць. Ці зрушылася нешта з месца?

Міхей Насарогаў: Ёсць ідэя зняць Сашу ў кліпе. Але мы зацягнулі, і я трошкі не паспяваю. Бо людзі, якіх я хацеў зняць у кліпе, неяк занятыя, і не давялося мне сабраць іх усіх разам. Таму, можа, у кастрычніку мы ўсё ж здымем сумесны кліп на песню “НХ”, у маёй ужо аранжыроўцы. Можа, Саша там нейкі кавалак праспявае, паглядзім.

Эскіз новага кліпа патрапіў у мяне і ў абсалютна новую песню на 99%.

Еўрарадыё: Тыя ролікі, з якімі ты прэзентуеш песні, можна лічыць кліпам, ці ўсё ж не?

Міхей Насарогаў: Відэакліп — гэта ўсё ж сур’ёзны твор! Ён патрабуе пэўнага рэсурсу. Ролікі на песні “Кусать тебя” ды “Да” — гэта я проста падурэў два разы. Гэта відэашэраг, каб было не вельмі сумна слухаць. Ставіцца да гэтага на ўзроўні кліпа ні ў якім выпадку нельга. Яго можна глядзець, а можна проста слухаць. Але мне было прыемна і цікава неяк пазначыць сваё… нейкае стаўленне да гэтага трэка. І, натуральна, я буду такія рэчы і далей рабіць. Мы, напрыклад, на “Берлин” паспрабавалі такое зрабіць з Сашам Памідоравым. Ролік здымалі адным дублем, але я не бачыў, таму не ведаю, што атрымаецца. Пасля першага куплета ў мяне сэрца ледзь з рота не выскачыла і далей было ўжо неяк млява. Памідораў патрабаваў яшчэ раз, але я адказаў, што здолею толькі ў рэанімацыі.

Еўрарадыё: Добра, а яшчэ кліпы плануюцца?

Міхей Насарогаў: Галя Шулепава, якую, магчыма, памятаюць па кліпе на песню “Весна”, а гэта менавіта кліп, цяпер працуе над іншым відэа на адну з абсалютна новых маіх песень. Гэта таксама будзе кліп, дзе ўсё будзе па-сур’ёзнаму. Мяне там не будзе, там задзейнічаныя нейкія прыгожыя людзі. Я бачыў “рыбу” і я шчаслівы, бо, калі ў Галі атрымаецца, хопіць сілаў, то, думаю, напрыканцы верасня-кастрычніка мы ўбачым прыгожую рэч. Эскіз, які я бачыў, на 99% патрапіў у мяне і ў песню. 99%, бо я не бачыў выніковы варыянт, магчыма, адсотак павялічыцца, ці паменшыцца.

Еўрарадыё: Калі ўжо пачалі казаць пра нейкія даты і тэрміны, то калі чакаць выхаду альбомаў?

Міхей Насарогаў: Ну, гэта сур’ёзная праца. Яна патрабуе сілаў, часу, фантазіі. Думаю, што на пласцінцы “Красивый” будзе да 10 песень, а ў “Берлинне” 13 хачу зрабіць. Для “Берлинна” ўжо ёсць дзесьці палова песень, а для “Красивый” нават больш. Але я нічога хаваць не буду. Буду песні, як пацеркі, нанізваць то туды, то туды, па меры з’яўлення ды запісу. Буду іх паступова выкладваць, такі эфект серыяла. Ну, а мала што можа здарыцца. Саб’е машына, а я не выклаў, а так ужо і вокладкі ёсць (усміхаецца)! Ну, і людзям так прыемней, мне падаецца. А калі палічу, што ўсё гатова, альбомы можна слухаць, як паўнавартасныя альбомы, то абавязкова пра гэта паведамлю і, магчыма, выдам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі