Мікалай Чаргінец: Усё добрае, што было ў БНР, варта ўзяць на ўзбраенне
У гісторыі Беларусі была такая старонка, як Беларуская Народная Рэспубліка, і забывацца пра яе не трэба. Наадварот, падзеі 1918 года неабходна праўдзіва адлюстраваць у мастацкай літаратуры. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.
Мікалай Чаргінец: “Мне заўсёды было цікава тое, што было ў гісторыі маёй Беларусі. І, вядома, гэта тычыцца Беларускай Народнай Рэспублікі. Я не мог прыняць тых лідараў рэспублікі, якія звярнуліся да Германіі, каб, груба кажучы, хутчэй прынеслі свабоду ў Беларусь. Германія ― агрэсар. Але ж у гісторыі гэта было, і няма чаго гэта абыходзіць. Я за тое, каб не сыходзілі ад гісторыі. Варта пра ўсё расказваць. Што было добрага ― адзначыць. Добрае нават варта ўзяць на ўзбраенне, нічога страшнага ў гэтым няма”.
Старшыня Саюза пісьменнікаў ухіліўся ад адказу на пытанне Еўрарадыё, ці не прыйшоў час святкаваць Дзень Волі 25 сакавіка на дзяржаўным узроўні. Па словах Чаргінца, гэтае пытанне варта адрасаваць тым людзям, якія займаюцца кіраваннем дзяржавай. А ён у якасці старшыні пісьменніцкага саюза падтрымае ідэю стварэння літаратурных твораў пра БНР і звязаныя з тым часам падзеі.