Мікалай Лазавік: Сёння я б не рызыкнуў ісці кандыдатам у дэпутаты
Ці стаў зменены Выбарчы кодэкс больш ліберальным, разважаюць сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік і эксперт па выбарчым праве Сяргей Альфер.
Звесці ў студыі Еўрарадыё абодвух суразмоўцаў не атрымалася, але і Мікалаю Лазвіку, і Сяргею Альферу мы задавалі аднолькавыя пытанні.
Еўрарадыё: На якія змены, унесеныя ў выбарчае заканадаўства апошнім часам, вы б параілі звярнуць асаблівую ўвагу будучым кандыдатам у дэпутаты падчас мясцовых выбараў?
Мікалай Лазавік: Усе змены, унесеныя ў заканадаўства, павінны ўлічвацца кандыдатамі, калі яны хочуць у адпаведнасці з законам правесці сваю выбарчую кампанію. Але найперш я б параіў звярнуць увагу на тыя змены, што тычацца фінансавання агітацыйнай кампаніі. Па-ранейшаму для кандыдатаў будуць бясплатна выдзяляцца памяшканні для правядзення перадвыбарных сустрэч, час для выступу на радыё. А вось грашовыя сродкі на выданне агітацыйных улётак кандыдатам выдзяляцца не будуць. Яны могуць самі агітматэрыялы друкаваць, але за кошт тых сродкаў, што будуць у іх індывідуальных выбарчых фондах. Але гэта не знізіць інфармаванасць насельніцтва — пэўныя сродкі будуць накіраваныя ў выбарчыя камісіі, якія надрукуюць агульную ўлётку з інфармацыяй пра ўсіх кандыдатах па іх выбарчай акрузе. І разам з запрашэннем прыйсці на выбары кожнаму грамадзяніну будзе дасланая такая ўлётка. Другое: раней кандыдат мог вылучацца ў некалькіх выбарчых акругах адначасова, а потым выбраць адну і балатавацца па ёй. З аднаго боку, гэта пашырае вядомасць кандыдата: такая піяр-кампанія, а з другога — гэта падман выбаршчыкаў. Людзі ў акругах думаюць, што ён будзе іх дэпутатам, падпісваюцца за яго, а ён у выніку балатуецца і не па першай, і не па другой, а па чацвёртай акрузе! Таму зараз можна вылучацца кандыдатам толькі па адной выбарчай акрузе.
Цяпер, калі кандыдат у дэпутаты меў судзімасць, нават калі яна пагашаная ці знятая, ён мае права вылучацца кандыдатам, але факт судзімасці ён павінен указаць у сваіх біяграфічных звестках. Яшчэ: бываюць кандыдаты, у якіх у дэкларацыі аб прыбытках няма ніякай сумы — за год ён не зарабіў ні капейкі ні для сваёй сям’і, ні для сябе, ні для дзяржавы. Але часам ён нядрэнна існуе і таму мусіць указаць, за якія сродкі ён жыве.
Сяргей Альфер: Адзначаныя змены сапраўды вельмі важныя. Але калі першыя дзве носяць хутчэй тэхнічны характар, то дзве другія — палітычны. Праўда, і тут дзяленне вельмі ўмоўнае. Да пракладу, зараз павялічаны памер выбарчага фонду кандыдатаў: для кандыдата ў дэпутаты гарадскога, раённага ці пасялковага памер фонду зараз складае 10 базавых велічынь — раней было 4 альбо 1. І ён можа патраціць гэтыя грошы на выданне дадатковай агітпрадукцыі. Але кандыдат мусіць пацвердзіць, адкуль ён гэтыя грошы ўзяў, у яго павінна быць нейкая крыніца прыбытку. Зразумела, што гэта адсячэ ад выбарчай кампаніі тых кандыдатаў, якія на сённяшні дзень нідзе не працуюць, якія знаходзяцца ў апазіцыі да ўлады і перабіваюцца часовымі заробкамі. Калі яны напішуць, што жыў за грошы жонкі ці дзяцей, то, напэўна, ніякі выбаршчык такога кандыдата не падтрымае, які б ён залатым чалавекам ні быў.
Аб абавязковым ўказанні пра наяўнасць судзімасці. Безадносна да таго, за што былі судзімыя кандыдаты, вельмі цяжка будзе нашым людзям давесці, што яны былі судзімыя за “добрую” справу ці за “не добрую”. Тут ужо будзе праблема кандыдата — як давесці выбаршчыкам, што яго судзімасць не з’яўляецца падставай для яго не падтрымкі. Але асабліва хачу звярнуць увагу на тое, што ў Выбарчы кодэкс уведзеная адказнасць кандыдата за любыя парушэнні гэтага дакумента па правядзенні выбарчай агітацыі. Зараз за такія парушэнні кандыдат можа быць зняты без папярэджання. Раней спачатку давалі папярэджанне, а потым здымалі. І зараз гэта, напэўна, будзе з’яўляцца галоўнай фармулёўкай для зняцця тых кандыдатаў, якія не даспадобы альбо мясцовым органам улады, альбо выбарчым камісіям. Бо парушыць Выбарчы кодэкс падчас агітацыі — нязначна ці выпадкова — можна шмат разоў.
Еўрарадыё: Ці праўда, што за любыя парушэнні выбарчага заканадаўства кандыдата будуць без папярэджання здымаць з дыстанцыі?
Мікалай Лазавік: Гэта няпраўда — такіх рэзкіх зменаў у нас не адбылося. Сапраўды, ёсць парушэнні, за якія можа быць папярэджанне, і ёсць тыя, за якія можа быць папярэджанне і зняцце з рэгістрацыі. Тут ніякага ўзмацнення санкцый не адбылося — як было раней, так і засталося. Больш за тое, зараз нават пашырыліся магчымасці кандыдатаў для абскарджвання рашэнняў выбарчых камісій праз суд. Калі грамадзянін, які вылучаецца кандыдатам у дэпутаты альбо ўжо вылучаны, атрымаў папярэджанне, ці калі камісія адмяніла рэгістрацыю кандыдата, то гэты грамадзянін можа абскардзіць рашэнне не толькі ў вышэйстаячай камісіі, як гэта было раней, але і ў судзе. Гэта новая норма. Як бачна, дзеянні па абароне правоў грамадзян больш шырокія сталі.
Сяргей Альфер: Калі будзе патрэбна, то парушэнне можа і на пустым месцы знайсці! Памятаю, калі я балатаваўся ў дэпутаты, мне адразу старшыня выбарчай камісіі сказаў: “Мы вас будзем здымаць”. “Дык не знойдзеце да чаго прыдрацца!” — “Не хвалюйцеся, знойдзем”. І як ні дзіўна — прыдраліся. Сама гэта норма дае права выбарчым камісіям за любое нязначнае парушэнне здымаць кандыдатаў: “парушэнне Выбарчага кодэкса” — гэта такое шырокае паняцце, што пад яго можна падвесці любое дзеянне кандыдата.
Еўрарадыё: Нешта вы нічога не кажаце пра норму, якая забараняе байкот выбараў, — нібыта на гэту норму кандыдатам і асаблівай увагі звяртаць не трэба?
Мікалай Лазавік: Я паставіў бы пытанне інакш: дэмакратычная гэта норма ці не? Калі байкот супадае з інтарэсамі грамадства, падаткаплацельшчыкаў — значыцца, гэта дэмакратычна, не супадае — не дэмакратычна. Уявім сабе, што прыхільнікі байкоту сарвалі кампанію і выбары не адбыліся. Што ў выніку атрымае грамадства? Патрачаныя грошы, а дэпутаты не абраныя. Паводле закону трэба праводзіць паўторныя выбары — будуць ізноў патрачаныя грошы. Не з першага — дык з другога, не з другога — дык з трэцяга разу, але выбары ўсё адно адбудуцца. Але на іх правядзенне будуць патрачаныя і сілы, і здароўе, і вялікія грошы. Гэта адназначна нявыгадна шараговаму падаткаплацельшчыку. А значыцца — байкот недэмакратычная норма, і для большасці сяброў грамадства яна не патрэбная.
Сяргей Альфер: Я падтрымліваў бы гэтую норму закона пра забарону байкоту, калі б яна тычылася толькі кандыдатаў у дэпутаты. Калі ты вылучыўся кандыдатам, то ты павінен змагацца за тое, каб атрымаць максімальную падтрымку выбаршчыкаў, а не гаварыць: “Не прыходзьце на выбары, не ўдзельнічайце ў выбарах” — хай гэтым займаюцца іншыя суб’екты. Але ж змены ў Выбарчы кодэкс забаранілі любое выказванне думкі пра байкот — нельга выказваць сваё меркаванне на карысць байкоту выбараў. За гэта прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць. Гэта тычыцца кожнага шараговага грамадзяніна — забарона байкоту ў Выбачым кодэксе даведзена да абсурду. Забаронены не толькі байкот выбараў з боку непасрэдных удзельнікаў выбарчага працэсу, але нават выказванне думак пра байкот выбараў усім грамадзянам. Пад пагрозай штрафу ў памеры да 15 базавых велічынь.
Еўрарадыё: Калі я буду з сябрам абмяркоўваць у аўтобусе выбары і выказвацца за іх байкот, то мяне могуць прыцягнуць да адказнасці?
Сяргей Альфер: Можаце атрымаць адміністрацыйнае пакаранне па двух артыкулах: за правядзенне незаконнага масавага мерапрыемства — выказвалі сваю думку ў грамадскім месцы, і за парушэнне забароны на заклікі да байкоту выбараў.
Мікалай Лазавік: Як там будзе на самой справе ў сітуацыі, пра якую вы сказалі, не бяруся казаць, але сапраўды — заклікі да байкоту забароненыя і кандыдату, і любому грамадзяніну. Калі ты сябра гэтага грамадства і хочаш, каб дзяржава рацыянальна выкарыстоўвала грошы падаткаплацельшчыкаў — ты павінен агітаваць за тое, каб выбары адбыліся і каб на паўторныя выбары не траціліся дадатковыя сродкі. А калі ты не згодны з гэтымі выбарамі, не хочаш на іх ісці — не ідзі! Гэта — свабода выбару кожнага грамадзяніна. У адрозненне ад краін, дзе выбары з’яўляюцца абавязковымі, дзе за адмову ўдзельнічаць у выбарах можна атрымаць некалькі сутак турэмнага зняволення.
Еўрарадыё: Можа, каб зняць усе пытанні, і ў нас, падчас ўнясення новых правак у выбарчае заканадаўства, з’явіцца норма пра абавязковы ўдзел у выбарах?
Мікалай Лазавік: Калі па-дзяржаўнаму падыходзіць да правядзення выбараў, то, магчыма, такая норма і лішняй будзе — у нас палітычная свядомасць у большасці грамадства даволі высокая. Напэўна, для беларусаў прымусовае галасаванне і непатрэбнае. Выбаршчыкі ў нас даволі дысцыплінаваныя, з высокім пачуццём адказнасці за дзяржаўную справу. Не думаю, што гэта норма актуальна для Беларусі.
Еўрарадыё: У Цэнтрвыбаркаме неаднаразова казалі, што наша выбарчае заканадаўства — адно з самых ліберальных у свеце. Як на ўзроўні гэтай яго ліберальнасці адбіліся ўнесеныя ў Выбарчы кодэкс змены?
Сяргей Альфер: Калі казаць пра лібералізм, то найперш трэба казаць пра правапрымяненне выбарчага заканадаўства. Я лічу, што калі б наша выбарчае заканадаўства было прыменена ў краіне, дзе выбары, як і ў нас, мажарытарныя, а не па партыйных спісах, да прыкладу — у Вялікабрытаніі, то там, паводле гэтага Выбарчага кодэкса, не было б ўвогуле ніводнага парушэння. Усе суб’екты выканалі б гэты кодэкс дакладна. А ў Беларусі Выбарчы кодэкс парушаецца як дзяржаўнымі органамі ўлады, у выпадку правядзення мясцовых выбараў — мясцовымі органамі ўлады, выбарчымі камісіямі, гэтак і, у пэўнай ступені, кандыдатамі. Так што гаварыць пра лібералізм тут не даводзіцца.
Мікалай Лазавік: Ліберальна — гэта калі больш свабодна нешта стала. З гэтага пункту гледжання ўнесеныя змены можна па-рознаму ацэньваць. Я, да прыкладу, чытаў: тое, што з бюджэту не будуць выдавацца грошы на друк улётак — гэта душыць агітацыю. Але ж на самой справе гэта норма пашырае агітацыю! Паглядзіце, якая раней сітуацыя з тымі ўлёткамі была: на выбарах у пасялковыя ці раённыя саветы іх ніхто нават і не друкаваў — маўляў, там і так усе сваіх кандыдатаў ведаюць. А на выбарах у гарадскія саветы ці парламент была сапраўдная вайна ўлётак: адзін кандыдат свае ўлёткі клеіць, а другі ідзе следам і іх зрывае ды свае вешае. Выбаршчык у разгубленасці — хто ж яго кандыдат? А выбарчая камісія надрукуе ўлёткі, дзе будуць усе кандыдаты, і дашле іх усім выбаршчыкам. Яшчэ адна ліберальная норма: раней праца новаабраных дэпутатаў пачыналася з таго, што на першай сесіі Савета яны разглядалі пытанне аб прызнанні паўнамоцтваў абраных дэпутатаў. Уявіце: за дэпутата, да прыкладу Мінгарсавета, прагаласавала 22 тысячы выбаршчыкаў, а 57 дэпутатаў гарсавета возьмуць і не прызнаюць яго паўнамоцтвы. Ад гэтага атавізму адмовіліся. Так што — па-рознаму нават самую ліберальную норму можна ацэньваць.
Еўрарадыё: У свой час вы таксама былі дэпутатам — змагаліся за мандат на выбарах. А ці здолелі б перамагчы зараз, калі трэба выконваць дзеючае выбарчае заканадаўства?
Мікалай Лазавік: Каб перамагчы на выбарах, неабходна мець побач з сабой значную сацыяльную сілу. Калі я вылучаўся ў Вярхоўны Савет, у мяне гэтая рэальная сацыяльная сіла была. Я працаваў старшынёй раённага Савета дэпутатаў, меў даволі важкі аўтарытэт у раёне, быў сябрам палітычнай партыі і партыя мяне падтрымлівала. З такой падтрымкай у той час я смела пайшоў кандыдатам у дэпутаты. Сёння я больш працую як спецыяліст у галіне выбарчага заканадаўства ў невялікім калектыве з 10 супрацоўнікаў. Да ўсяго, сябры Цэнтральнай камісіі абавязаны быць беспартыйнымі, таму і сказаць, што ёсць партыя, якая мяне падтрымае, я не магу. Магчыма, калі б мяне вылучыў калектыў нейкага буйнога прадпрыемства, то можа і знайшлася і для мяне якая падтрымка — усё ж у краіне мяне хтосьці ведае. Але я не рызыкнуў бы, не маючы побач з сабой значнай сацыяльнай сілы, ісці кандыдатам у дэпутаты.
Сяргей Альфер: Я б хацеў яшчэ звярнуць увагу на адну новую норму. Яна, праўда, не тычыцца наўпрост выбарчага працэсу, але да пытання аб ліберальнасці выбарчага заканадаўства мае дачыненне. У адпаведнасці з гэтай нормай рэгістрацыя назіральнікаў замененая на акрэдытацыю. У чым адрозненне? Калі назіральнік зарэгістраваны, то пазбавіць яго рэгістрацыі немагчыма было паводле закона — нормы такой не было. Яго маглі выдаліць з выбарчага ўчастка ці з пасяджэння выбарчай камісіі на падставе таго, што ён “перашкаджае працы камісіі”. Што не замінала яму прыйсці на наступны дзень на ўчастак і працягнуць назіранне. А вось акрэдытацыі выбарчая камісія можа пазбавіць назіральніка за парушэнні — канчаткова.
Мікалай Лазавік: У той жа час, калі ўлічыць, што асноўная большасць назіральнікаў працуе на ўчастках для галасавання ў дзень выбараў, то гэта норма для іх ніякіх новых наступстваў не нясе. І выдаленне з участку, і пазбаўленне акрэдытацыі будуць для іх канчатковымі. Я хацеў бы, каб узаемаадносіны назіральнікаў і арганізатараў выбараў былі такімі, каб гэта норма наогул не прымянялася.
Фота: Змітра Лукашука