Міколу Статкевічу могуць забараніць карыстацца мабільнікам і ездзіць за мяжу
Судовыя выканаўцы прыгразілі Міколу Статкевічу, што з-за неаплаты штрафаў могуць арыштаваць яго рахунак на мабільным і забараніць выезд за мяжу. Штрафы на 25,2 мільёна рублёў палітыку налічылі за ўдзел у некалькіх несанкцыяваных акцыях.
У размове з Еўрарадыё Статкевіч паведаміў, што мабільная сувязь і выезд за мяжу пасля турмы — гэта нават не пагрозы.
Мікола Статкевіч: "Мяне напалохаць вельмі складана. Адзінае, што нікому не хачу ствараць праблему. Калі ў нашай краіне нехта прэтэндуе на лідарства альтэрнатыўнай часткі грамадства, ён павінен аналізаваць свае слабыя месцы. Улада заўжды пачынае змаганне з маёмасці".
Сваёй маёмасці Статкевіч не мае, але клапоціцца пра маёмасць сваёй жонкі Марыны Адамовіч. Таму апазіцыянер разглядае варыянт з'ехаць з жончынай кватэры, каб туды не прыходзілі судовыя выканаўцы. Але тады судовым выканаўцам будзе яшчэ складаней яго знайсці, дадае палітык.
Дарэчы, Статкевіч прапаноўваў судовым выканаўцам вылічваць штрафы з яго вайсковай пенсіі, але тыя адмовіліся: нібыта, гэта забаронена, калі штрафы перавышаюць 10 базавых.