Мілана Міхалевіч: З мужам нават не развіталіся, бо нікуды ехаць не збіраўся

Алесь Міхалевіч выйшаў з дому на звычайную сустрэчу, але назад ужо не вярнуўся. Для яго жонкі Міланы гэта было нечакана. Магчымы ад'езд за мяжу яны з мужам не абмяркоўвалі. Рашэнне, відаць, ён прыняў імкліва, пасля нейкай з сустрэч, кажа Мілана.


"Я лічу, што калі мой муж так паступіў, значыць у яго былі сур'ёзныя падставы так паступіць. Мы проста не паспелі абмеркаваць гэта".


Нагадаем, што уначы ў сваім блогу Міхалевіч паведаміў, што яго выклікаюць у КДБ, але ён там не з'явіцца, бо мае падставы меркаваць, што з будынка КДБ ужо не выйдзе. Мілана Міхалевіч нават не развіталася з мужам. Калі Алесь выходзіў з дома, нават не планаваў нікуды ехаць.


"Ён калі выходзіў з дому не збіраўся кудысьці ехаць. Пайшоў на звычайныя свае сустрэчы. Апошні тыдзень у яго быў стандартны працоўны графік. Развіталіся як звычайна. Падзеі 19 снежня навучылі мяне, што з чалавекам трэба развітвацца так, як быццам гэты дзень можа стаць апошнім. Так мы кожны раз і развітваліся. Увечары ў нядзелю пасля 17 мне паведамілі сябры, што ў яго атрымалася пераехаць мяжу. Ён пакінуў усе рэчы, тэлефон, нічога не браў, як стаяў так і паехаў".

 
Абставінаў пераезду мяжы Мілана Міхалевіч не ведае, але тыя версіі, што былі агучаныя раней у прэсе, называе фантастычнымі.


"Мне самой цікава даведацца было б пра тое, як, куды і з кім ён здолеў выбрацца з краіны. Асабліва пасля некалькіх фантастычных версій, якія мне паспелі агучыць. Але я падрабязнасцяў не ведаю. Ён у бяспечным месцы зараз, і мне гэтага дастаткова".

 
Навіна пра ад'езд Міхалевіча за мяжу была нечаканай і для Міланы, і тым больш для адвакатаў. Пасля сустрэчы з адвакатамі стала вядома толькі тое, што Аляксея могуць аб'явіць у вышук і адмяніць змякчэнне меры стрымання. З боку следчых да Міланы ніякіх зваротаў пакуль не было.


"Пакуль што ніякіх кантактаў не было. Зараз адвакаты прыйшлі, як запланавана, бо для іх, як і для мяне гэта было нечаканай навіной".

 
Ці будзе следства аказваць ціск на сям'ю палітыка, пасля таго як ён апынуўся ў месцы недасяжным для КДБ? Пра гэта Мілана пакуль не думае.


"Мне даволі складана ўявіць сабе, што яны могуць прыдумаць. Здаецца за гэтыя пару месяцаў паспрабавалі ўсё. Я пра гэта зараз не думаю".

 
Па словах Міланы, калі Алесь пагадзіўся супрацоўнічаць з КДБ, ён адразу ведаў, што робіць гэта, каб выйсці і распавесці пра катаванні. Рашэнне прымаў сам, але тады жонцы паведаміў. Гэтым разам Мілана зусім нічога не ведала.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, якая адказнасць прадугледжаная за парушэнне падпіскі аб нявыездзе. Аказалася, што ні крымінальнай, ні адміністрацыйнай адказнасці за гэта няма.


"Калі парушаюцца правілы, вызначаныя пастановай, можа быць змененая мера стрымання зноў на арышт", — кажа адвакат Тамара Сідарэнка.


Следства могуць праводзіць і без удзелу Міхалевіча, таксама справу могуць выдзеліць асобна і абвясціць палітыка ў вышук. Але як будзе насамрэч, пакуль казаць рана, бо, як паведамілі памежнікі, у пунктах пропуску Міхалевіч мяжу не перасякаў.


"Закон дае такія магчымасці, а што будзе, ніхто не ведае. Тым больш, з'ехаў. Магчыма, з'ехаў, а можа і не. Не ведаю", — кажа Сідарэнка.


Згодна са словамі праваабаронцы Гары Паганяйла, закон ніякай адказнасці не прадугледжвае, але Міхалевіча могуць аб'явіць у вышук.


"У сувязі з тым, што ён не ў Беларусі, могуць аб'явіць яго ў нацыянальны вышук, а затым і ў міжнародны. І затым, калі ён аб'явіцца  якой-небудзь з краінаў, патрабаваць яго экстрадыцыі ў Беларусь паводле тых працэдур, якія замацаваныя ў нашым заканадаўстве і міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь".

Нагадаем, экс-кандыдат у прэзідэнты правёў два месяцы ў следчым ізалятары КДБ і ў СІЗА на Валадарскага, быў вызвалены пад падпіску пра нявыезд 19 лютага. Праз нейкі час на прэс-канферэнцыі ў Мінску Міхалевіч заявіў, што за кратамі яго катавалі. Каб выйсці на волю і распавесці пра гэта, ён быў вымушаны пагадзіцца на супрацоўніцтва з КДБ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі