Міліцыя і ратавальнікі перакрывалі вуліцу Захарава ў цэнтры Мінска (фота)

Міліцыя і ратавальнікі перакрывалі вуліцу Захарава ў цэнтры Мінска (фота)

Каля 17-й гадзіны Еўрарадыё атрымала паведамленне, што на мінскай вуліцы Захарава недалёка ад плошчы Перамогі адбываецца эвакуацыя жыхароў дома №32. Паведамлялася, што на месцы прысутнічае шмат міліцыянтаў і ратавальнікаў.

На месцы здарэння журналіст Еўрарадыё сапраўды пабачыў аўтамабілі МНС і міліцыі, а таксама мноства ратавальнікаў і міліцыянтаў. У мікрааўтобусе, які спыніўся недалёка сядзелі людзі ў форме з надпісам "Следчая экспертыза". Аўтамабільны рух па вуліцы Захарава быў цалкам перакрыты.

Паблізу прысутнічалі людзі, якія назваліся кіраўнікамі Партызанскага РУУС сталіцы. Па іх словах, тут праходзяць вучэнні. На пытанне журналіста Еўрарадыё, ці адбывалася эвакуацыя людзей з дома №32, прадстаўнік Партызанскага РУУС не пацвердзіў дакладна, але і не стаў адмаўляць такую верагоднасць.

Міліцыянты забаранялі журналістам фатаграфаваць. У прыватнасці, у журналісткі "Комсомольской правды" Кацярыны Барысевіч запатрабавалі выдаліць здымкі з месца падзеяў. Патлумачана гэта было тым, што нельга здымаць службовыя машыны.

Каля 17.45 аўтамабільны рух па вуліцы Захарава быў адноўлены. Аднак на месцы заставалася шмат міліцыі.

Дарэчы, дом №32 па вуліцы Захарава знаходзіцца паблізу ад комплексу "Дыпсервіс хол".

У каментары Еўрарадыё прэс-сакратар сталічнай міліцыі Аляксандр Ластоўскі паведаміў, што пільнаму мінчуку падаўся падазроным прыпаркаваны аўтамабіль: "Быў званок ад грамадзяніна. Яму падаўся падазроным аўтамабіль. Мы былі абавязаныя прыняць меры бяспекі, але падазрэнні не пацвердзіліся".

Ніякіх выбуховых ці іншых небяспечных рэчаў у аўтамабілі не было.

Фота Алеся Пілецкага

Міліцыя і ратавальнікі перакрывалі вуліцу Захарава ў цэнтры Мінска (фота)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі