Міліцыя пацікавілася ў Дашкевіча дапамогай беларусам, якія ваююць ва Украіне
Да лідара "Маладога фронту" (зарэгістраванага ў Чэхіі) Змітра Дашкевіча ўвечары 30 сакавіка прыйшоў старшы ўчастковы. Ён хацеў узяць тлумачэнні пра збор дапамогі беларусам, якія ваююць за Украіну.
Дабрачынны марафон "Дапамажы беларускаму салдату" прайшоў у Мінску 24 студзеня. Акцыя па зборы дапамогі беларусам, якія ваююць ва Украіне была зладжаная з ініцыятывы Дашкевіча.
Падчас візіту ўчастковага апазіцыянер заявіў, што не збіраецца даваць ніякіх тлумачэнняў і паказанняў.
"Я ўбачыў, што ён гартае раздрукоўкі з розных сайтаў, нешта там падкрэслена маркерамі. Я кажу, што ў вас жа ўсё раздрукавана, чытайце", — распавёў Дашкевіч у каментары Радыё "Свабода".
Ён звяртае ўвагу на тое, што да маці маладафронтаўца Эдуарда Лобава 31 сакавіка прыходзілі міліцыянты з ператрусам. На думку Дашкевіча, гэта сведчыць, што актывізаваліся прарасійскія сілы ў сілавых структурах Беларусі. Па яго словах, участковы паведаміў, што праверка адбываецца паводле запыту пракуратуры.