Міліцыя патлумачыла затрыманне мінскіх школьнікаў у нядзелю

Міліцыя патлумачыла затрыманне мінскіх школьнікаў у нядзелю

31 студзеня ў Мінску затрымалі непаўналетніх школьнікаў. У ГУУС Мінгарвыканкама журналістам rebenok.by заявілі, што "дзеці былі дастаўленыя ў тэрытарыяльны АУС не без падстаў".

Як распавядала Еўрарадыё, у нядзелю ў цэнтры Мінска быў затрыманы 13-гадовы Цімур Недзьведзь  — яго пасадзілі ў мікрааўтобус разам з бацькам. У той жа дзень міліцянты затрымалі трох 15-гадовых дзяўчынак. Бацькі кажуць, што школьніцы не ўдзельнічалі ў пратэсных акцыях, і лічаць, што іх дзяцей проста скралі. 

У міліцыі заяўляюць, што незаконных затрыманняў у той дзень не было.

"Дзеці былі дастаўленыя ў тэрытарыяльны АУС, былі дапытаныя супрацоўнікамі міліцыі ў належным парадку і перададзеныя законным прадстаўнікам (у адпаведнасці з арт. 10.11 ПВКаАП РБ). У дачыненні да непаўналетніх адміністрацыйны працэс не пачынаўся", — кажа намеснік начальніка УАПП ГУУС Мінгарвыканкама Яўген Абрамовіч.

Ён патлумачыў, што арт. 24 Закона Аб органах унутраных спраў дазваляе міліцыянтам затрымліваць непаўналетніх "пры ажыццяўленні прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх".

Маці адной з 15-гадовых дзяўчынак абурылася, што яе дачку дапытвалі без прысутнасці дарослых прадстаўнікоў. У міліцыі спаслаліся на Працэсуальна-выканаўчы кодэкс: пры апытванні дзяцей да 14 гадоў прысутнасць законнага прадстаўніка або педагога абавязковая, з 14 да 16 гадоў — па меркаванні асобы, якая вядзе адміністрацыйны працэс. Усе дастаўленыя былі старэйшыя за 14 гадоў.

У міліцыі падкрэслілі, што 13-гадовага Цімура апытвалі ў прысутнасці бацькі, а потым перадалі маці. Праўда, бацька падлетка настойвае, што міліцыняты кантактавалі з яго сынам не толькі ў яго прысутнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі