У нядзелю ў Мінску затрымлівалі 13-гадовага акцёра фільма "Купала"

У нядзелю ў Мінску затрымлівалі 13-гадовага акцёра фільма "Купала"

31 студзеня сярод затрыманых у Мінску быў 13-гадовы актор Цімур Недзьведзь, піша "Наша Ніва". У фільме "Купала" ён граў Янку Купалу ў падлеткавым узросце.

Бацька, рэжысёр Павел Недзьведзь, распавёў журналістам акалічнасці затрымання. Па яго словах, ён з сынам сустрэўся ў абед на Кастрычніцкай. Цімур вяртаўся са здымак у Крыжаноўскага, куды ходзіць ужо два гады. Потым пайшлі на вакзал, каб адправіць Цімура электрычнай да маці ў Заслаўе.

"Па дарозе я сустрэў знаёмую, разгаварыліся. І раптам спыняецца бус, выходзяць дужыя хлопцы ў чорным і хапаюць гэту жанчыну. Узялі пасля малога: маўляў, ён таксама паедзе з намі. Кажу: я не аддам сына, ён непаўналетні. "А, зразумела, вы таксама праходзьце у бус", — апісвае Павел падзеі.

У бусіку затрыманых запісалі на відэакамеру. Па словах Паўла Недзьведзя, па рацыі сілавікам сказалі браць групу людзей на праспекце. На пытанне, колькі чалавек браць, быў дадзены адказ: "Колькі возьмеце.

У выніку ў мікрааўтобусе аказалася экскурсійная група. Як распавядала Еўрарадыё, на наступны дзень экскурсаводку Аксану Манкевіч асудзілі на 15 сутак. Частку экскурсантаў аштрафавалі, частку таксама адправілі на "суткі". Агулам за нядзелю ў Мінску затрымалі каля 170 чалавек.

Пасля затрымання ўсіх завезлі ў Фрунзенскае РУУС. Паўла Недзведзя выклікалі на допыт першым. Яго абшукалі, забралі матузкі з абутку, перапісалі рэчы, праверылі змесціва тэлефона, дапытвалі, што яму не падабаецца ў краіне.

Апытваць сына Павел не дазваляў, але калі вярнуўся да яго, убачыў, што ў хлопца правяралі тэлефон. У кошыку знайшлі фота з летняга марша і з ліфта, дзе вісела бел-чырвона-белая налепка. Бацьку казалі: "Дойдзе да таго, што сын пойдзе на барыкады і ўзарве цягнік".

Пазней Паўла адпусцілі, а сына павялі ў інспекцыю па справах непаўналетніх. Разам з ім была маці, якую выклікалі па тэлефоне. Павел кажа, што сын кепска пачуваўся пасля апытанняў.

"Не ведаю, ці з гэтай нагоды, але на наступны дзень увесь клас запаўняў анкеты, дзе дзеці пісалі, хто іх гадуе, у якіх умовах жывуць", — дадае мужчына.

Дарэчы, у панядзелак, 1 лютага, каля 22-й гадзіны да Паўла Недзведзя дадому прыйшоў інспектар па справах непаўналетніх і паведаміў, што яго сына паставілі на ўлік. Цяпер візіт міліцыі чакаюць у Заслаўскую гімназію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі