Міліцыя прыехала за Севярынцам на джыпе з расійскімі сцягамі
Удзень 12 сакавіка на выездзе з Оршы АМАП затрымаў апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца. Той прымаў удзел у акцыі супраць "дэкрэта аб дармаедах", а пасля паспрабаваў з'ехаць з горада. Аднак машыну, у якой ехаў палітык, з мігалкамі спынілі супрацоўнікі ДАІ. Яны перасадзілі кіроўцу ў сваё аўто, быццам бы для праверкі дакументаў. Неўзабаве побач з'явіўся джып УАЗ з танаванымі вокнамі.
З яго выйшаў капітан АМАП, які прадставіўся Аляксандрам Курганам. Ён затрымаў Паўла Севярынца, а пасля і здымачную групу тэлеканала "Белсат", якая, на яго думку, перашкодзіла руху таго самага джыпа.
Але ў выніку службовае аўто апынулася заснятым з усіх бакоў. Блогеры, якія назіралі за трансляцыяй, "знайшлі" на яго прыборнай панэлі карту Расіі, расфарбаваную ў колеры сцяга РФ, а таксама бірульку ў форме далоні з расійскім гербам і трыкалорам. Усё гэта суседнічала з сімвалам віцебскага АМАП, прымацаваным да лабавога шкла.