Міліцыя ўварвалася на секс-вечарынку пад Мінскам (відэа)
Уночы на 28 ліпеня ў пасёлку Бараўляны пад Мінскам наркакантроль уварваўся на закрытую секс-вечарынку. На момант спецаперацыі ў катэджы знаходзіліся 34 мужчыны і 18 дзяўчын. Сярод іх былі пары ў шлюбе і студэнты. Узрост удзельнікаў свінгерскай паці — ад 20 да 45 гадоў.
На сайце МУС з’явілася афіцыйная інфармацыя пра тое, што пад Мінскам спыненая дзейнасць падпольнага бардэлю.
“Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў мы выявілі, што з 2016 па 2018 гады двое непрацуючых мінчан здымалі катэдж для правядзення за ўзнагароджанне закрытых секс-вечарынак. Кліентаў шукалі сярод знаёмых, праз абвесткі ў інтэрнэце, соцсетках і месенджарах.
Кошт уваходу для самотных мужчын складаў ад 200 да 370 рублёў, для пары — 120 рублёў. Самотныя жанчыны ўдзельнічалі ў мерапрыемстве бясплатна.
Пастаянныя “члены клуба” атрымлівалі зніжкі. Грошы наведвнікі пераводзілі на банкаўскую картку, на мабільны тэлефон ці перадавалі асабіста арганізатарам”, — распавёў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Дзмітрый Цаюн.
Па звестках МУС, акрамя выпадковых удзельнікаў, на вечарынках прысутнічалі прастытуткі, аніматары, бармэны і іншыя прадстаўнікі абслуговага персаналу. Іх паслугі ўваходзілі ў кошт наведвання. Таксама ў аплату былі ўключаныя алкаголь, прысмакі, сауна і басейн.
Супраць арганізатараў падпольнага бардэлю (1979 і 1987 года нараджэння) распачатая крымінальная справа па частцы 1 артыкула 171 Крымінальнага кодэкса Беларусі — “Арганізацыя і (ці) выкарыстанне заняткаў прастытуцыяй ці стварэнне ўмоў для занятку прастытуцыяй”.