Міліцыя занялася магіляўчанкай, якая скардзілася Лукашэнку ў TikTok на міліцыю

Магіляўчанка звярнулася да Лукашэнкі ў TikTok

Магіляўчанка звярнулася да Лукашэнкі ў TikTok / pixabay.com

30 сакавіка ў TikTok-акаўнце магіляўчанкі Людмілы К. з'явіўся відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі, заўважылі праваабаронцы з MAYDAYMog. Жанчына скардзілася, што яе сына затрымалі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС Магілёва, і прасіла дапамогі.

Магіляўчанка паведаміла, што яе 29-гадовы сын хадзіў па розных крамах і здымаў на відэа пратэрмінаваныя тавары. Потым ён публікаваў відэа ў сваім Youtube-канале. Падчас аднаго з такіх рэйдаў супрацоўнікі крамы выклікалі на яго міліцыю.

"Апошняе відэа — яго забрала міліцыя. Забралі тэлефон, два тыдні не аддавалі. Мой сын напісаў у пракуратуру. З пракуратуры пайшла заява ў Следчы камітэт. Гэтымі супрацоўнікамі двума заняліся цалкам, як мае быць. Праверкі, усё астатняе", — казала магіляўчанка.

Сілавікам гэта не спадабалася. Паводле Людмілы К., яны два тыдні тэлефанавалі яе сыну, а 29 сакавіка затрымалі яго на вачах у маленькага дзіцяці.

"Жонка павяла дзіця ў сад, сын пайшоў у іншы бок, на прыпынак. Тут дзіця кажа: "Мама, а дзе тата?" Яны павярнуліся, стаіць звычайная чорная машына, не міліцэйская. Адтуль выйшлі два супрацоўнікі, яго заламалі — і ў машыну", — расказвала жанчына.

Па яе словах, на сына склалі пратакол за распаўсюд "экстрэмісцкай інфармацыі" (арт. 19.11 КаАП). "Ні ў адным яго відэа прапаганды няма. Ён жыве, ён працуе, і ўсё астатняе. Гэта ў адплату яны пагрозамі вырашылі зрабіць так", — заявіла магіляўчанка.

Рэакцыя сілавікоў паследавала на наступны ж дзень пасля публікацыі відэа Людмілы К. Ужо 31 сакавіка ў адным з праўладных тг-каналаў з'явілася відэа з яе сынам: малады чалавек на відэа кажа, быццам ён "пераслаў экстрэмісцкія матэрыялы з забароненага тэлеграм-канала". Самі сілавікі ў тэксце заклікалі "не стагнаць і не смярдзець" — мабыць, гэта быў зварот да Людмілы.

Цяпер ролік Людмілы К. з зваротам да Лукашэнкі выдалены. Таксама міліцыянты "пачысцілі" і Youtube-канал яе сына — там засталося толькі адно відэа. У раскладзе судоў яго адміністрацыйная справа не з'яўлялася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі