Мілінкевіч: Скажа мне Кангрэс ісці кандыдатам у прэзідэнты — я пайду

Еўрарадыё: Дайшлі чуткі, што вы прынялі рашэнне ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года ў якасці кандыдата, і Рух “За свабоду” будзе прапаноўваць вас у якасці прэтэндэнта на адзінага ад апазіцыі.

Аляксандр Мілінкевіч: Чуткі розныя ходзяць… Шкада, што не заўсёды яны да мяне першага трапляюць! Я заўжды казаў, што ў якасці кандыдатаў павіннае ўдзельнічаць маладое пакаленне. Але калі Кангрэс (Кангрэс дэмакратычных сіл, на якім мяркуецца вызначыцца з кандыдатурай адзінага кандыдата ад дэмсіл на выбарах-2015 — Еўрарадыё) мне цвёрда скажа, што “ты мусіш ісці таму і таму”, то я гэта, безумоўна, выканаю. Бо я чалавек камандны, чалавек абавязку. Але лепш, каб пайшлі маладыя.

Еўрарадыё: Можа, так яно і сапраўды было б лепш, але ёсць рэаліі жыцця, калі, да прыкладу, падтрымка выбарчай кампаніі гарантуецца пры ўмове, што кандыдатам будзе менавіта Аляксандр Мілінкевіч…

Аляксандр Мілінкевіч: Ну, не ведаю… Такіх канкрэтных размоў не было — гэта праўда. І яшчэ я думаю, што не асоба ўсё вырашае, не прыгажосць кандыдата, не тое, які ён сімпатычны для жанчын і як ён умее выступаць. Галоўнае, з чым пойдзе кандыдат. Гэта мусіць быць кандыдат, для якога незалежнасць — абсалютная каштоўнасць, для якога еўрапейская дарога — вельмі важная і адзіна магчымая для Беларусі, каб захаваць гэтую незалежнасць. Беларускае адраджэнне таксама павіннае быць вельмі важным для гэтага кандыдата. І тут не мусіць быць такога падыходу: у каго сёння большы рэйтынг, у каго большая каманда… Каманда павінная быць супольная, бо самадастатковых структур сёння няма. І дай Божа зрабіць прыстойную кампанію намаганнямі ўсіх палітычных і грамадскіх структур. Таму перш за ўсё трэба паставіць мэту: “Чаго мы хочам дасягнуць на выбарах, на якіх не лічаць галасы?” Я лічу, мы павінныя ўмацаваць праеўрапейскія настроі і жаданне беларусаў жыць у сваёй самастойнай дзяржаве. Калі будзе такі вынік, то гэта ўжо мінімум. Хаця змагацца за перамогу заўжды трэба, і ніколі не вядома, калі яна прыйдзе. Трэба шчыра працаваць, а не гуляць у палітыку. А ўжо пад гэта трэба падабраць чалавека, які цалкам адпавядае, які не здрадзіць, які будзе цвёрда стаяць на прабеларускіх прынцыпах.

Калі сабе паставіць за мэту толькі набраць як мага большы адсотак, то, я лічу, у нашых умовах гэтага недастаткова. Перш за ўсё — змена менталітэту людзей, змена іх настрояў. Асабліва пасля таго, што нарабіла ў нас у апошнія месяцы шалёная расійская прапаганда. Трэба змагацца з гэтым, бо трэба думаць і пра гэтыя выбары, і пра заўтра, і пра паслязаўтра. Бо самыя важныя выбары будуць, калі Лукашэнка сыдзе, першыя выбары пасля яго. І калі грамадства будзе такім, як сёння, мы прайграем Беларусь, пра якую марым. Таму выбары трэба скарыстаць як магчымасць вялікай інфармацыйна-прапагандысцкай кампаніі. І змагацца за крэсла прэзідэнта абавязкова: гуляцца людзі нам не дазволяць, скажуць: “Мы вам не верым”. Але не ставіць першай мэтай “адсоткі, адсоткі”, як на рэальных выбарах. Для нас важна паказаць, што ёсць альтэрнатыва, што Еўропа — гэта не “гейропа”, хоць і гэтыя праблемы там існуюць, а мадэль развіцця, гэта стандарты. Трэба пераконваць людзей, і няма лепшай нагоды, чым прэзідэнцкія выбары.

Еўрарадыё: Калі няма рашэння, што вы абавязкова будзе кандыдатам на выбарах, то, можа, усё ж паспрабуеце ад Руху вылучыць сваю кандыдатуру на “адзінага”?

Аляксандр Мілінкевіч: І такога рашэння няма. Не, мы абмяркоўвалі, каго б мы маглі падтрымаць, хто з Руху мог бы быць. Але гэта канфідэнцыйная інфармацыя, гэта на Радзе Руху абмяркоўвалася. Мы не лічым магчымым тое, каб Рух вылучыў свайго кандыдата і пабег з ім, не зважаючы ні на кога. Мы калектыўныя гульцы. Яшчэ раз паўтару: самадастатковым не з’яўляецца ні Рух, ні БНФ, ні АГП, ні камуністы — ніхто. Няма самадастатковых, трэба аб’ядноўвацца. А гульня, якая цяпер ідзе, — гэта нармальная палітычная гульня. А тое, каго ў выніку вылучыць Кангрэс, пакажа, ці здольны Кангрэс спрацаваць на Беларусь. Або на чужую стратэгію — гэта таксама магчыма.

Еўрарадыё: Падзяліцеся канфідэнцыйнай інфармацыяй: каго Рух прапануе на адзінага?

Аляксандр Мілінкевіч: Гэта нашая ўнутраная справа. Мы хочам дамовіцца, бо я лічу, што на Кангрэс лепш ісці тады, калі лідары дамаўляюцца. А не на Кангрэсе ўжо змагацца да апошняга, бо потым цяжка ствараць каманду. Размова ж ідзе не пра тое, каб абраць адзінага, а потым усе разбегліся і пасля няхай яго структура і працуе. Гэта не вынік, а пустое. Мы мусім на Кангрэсе так адыграць, каб большасць лідараў, а значыць і структур, з якімі ўзгаднілі, падтрымлівалі адну кандыдатуру. Вось тады Кангрэс будзе эфектыўным. Не толькі будзе чалавек, будзе твар, але будзе яшчэ і адзінства, будзе каманда.

Еўрарадыё: Але час ідзе, нічога аптымістычнага пра адзінага не чуваць, вас гэта не насцярожвае?

Аляксандр Мілінкевіч: Песімізм прысутнічае і ў каментарах, і ў выказваннях экспертаў. Я па сваёй місіі мушу быць аптымістам: што за палітык, які ные пра зубы і кажа, што нічога не атрымаецца. Я веру, што можа атрымацца. І працую на гэта.

Еўрарадыё: А што гэта за палітык, які не хоча сам быць лідарам і на вышыні, а кажа, што трэба саступіць месца маладым? Ці што, час палітыка Мілінкевіча прайшоў?

Аляксандр Мілінкевіч: А вось гэтая мая пазіцыя адпавядае настроям грамадства. З сацыялагічных апытанняў вядома, што людзі хацелі б новых твараў. І тут можна паслухаць грамадства і вылучаць новых. Усё ж такі старэйшая апазіцыя зрабіла некалькі капітальных памылак у кампаніях, і змаганне ўнутры апазіцыі для многіх стала важнейшым за змаганне за дэмакратыю і незалежнасць. Таму і рэйтынгі такія нізкія і ў палітычных партый, і асабіста ў лідараў. Новы твар можа спрацаваць у добрым сэнсе. Ёсць вартыя людзі. Новыя, гэта значыць больш энергічныя, больш адукаваныя, з веданнем моваў. Новы той, хто разумее, як працуе цывілізаваны свет. Такія людзі ёсць, але яны нераскручаныя. Але для гэтага і ёсць Кангрэс і выбары.

Еўрарадыё: Не ўсе палітычныя сілы бяруць удзел у перамовах па адзіным цяпер, яшчэ менш возьме ўдзел у Кангрэсе. Ці можна абранага не ўсімі лічыць адзіным? Асабліва калі астатнія выставяць сваіх кандыдатаў на выбарах.

Аляксандр Мілінкевіч: Зразумела, пажадана, каб аб’ядналіся ўсе. Але ёсць і іншы бок: як я магу працаваць на кандыдата, у якога пазіцыя будзе не праеўрапейская? Гэта раней мы аб’ядноўваліся па прынцыпе “Супраць каго сябруем?”. І ўсе сябравалі супраць Лукашэнкі, бо ён дыктатар, а мы дэмакраты. А цяпер сітуацыя іншая, і апроч размоў пра парушэнні правоў, пра адсутнасць выбараў мы павінныя людзям казаць пра пазітыўнае. А гэтае пазітыўнае для розных палітычных груп нават у апазіцыі рознае. І бачанне будучыні рознае. Таму, можа, і не ўдасца ўсіх аб’яднаць. Але калі ўдасца аб’яднаць усе прабеларускія, праеўрапейскія структуры, то ўжо добра. Давайце ўлічваць і тое, што Масква ў кожных выбарах актыўна ўдзельнічала. І мэтай ставіла не зняцце Лукашэнкі з пасады, а раздзяленне дэмакратычных, прабеларускіх сіл і змяншэнне праеўрапейскіх настрояў. У гэтым была мэта падтрымкі Расіяй пэўных кандыдатаў. На ўсіх выбарах. І на гэтых будзе тое самае, магчыма, нават у больш жорсткай форме. Самае небяспечнае для Масквы і ва Украіне, і ў Беларусі — тое, што краіны могуць пайсці ў Еўропу. Украіна гэта ўжо анансавала, як і Грузія. Гэта трагедыя для Пуціна, які марыць пра Еўразійскі саюз, пра новую імперыю.

Еўрарадыё: Усё, што вы цяпер кажаце, супярэчыць выбарчым паліттэхналогіям: гавары, што хочуць людзі чуць, выйграй, а потым паціху прасоўвай свае прынцыпы, калі будзе жаданне…

Аляксандр Мілінкевіч: Ну, мы пакуль што не Еўропа, і выбары ў нас праходзяць пад поўным кантролем улады. І таму гэта трэба называць кампаніяй, а не выбарамі, калі сумленна падыходзіць да гэтага. Да Еўропы нам яшчэ доўга ісці. І без грамадства мы не пойдзем ні ў якую Еўропу. Гэта павінен быць выбар грамадства. І ў гэтым я бачу галоўную праблему. А калі мы будзем паміж сабой змагацца і на выбары пойдзе 5, ці 8, ці 10 кандыдатаў, мы расчаруем людзей. Таму і неабходны адзіны кандыдат. Хаця гэта не панацэя і не адзіная мэта. Адзіны кандыдат — дэманстрацыя салідарнасці, адказнасці, і гэта мы павінныя прадэманстраваць. Далей важна тое, што адзіны кандыдат будзе гаварыць і як будзе дзейнічаць. Уявіце сабе, што адзіным кандыдатам стане чалавек, які будзе казаць: “Я за Еўразійскі саюз!”, “Я за працяг інтэграцыі з Расіяй, ваеннага і Мытнага саюза!” Ці будуць прабеларускія і праеўрапейскія людзі працаваць на такога чалавека? Трэба найперш аб’яднаць іх і мяняць менталітэт. Іншага ў нас няма.

Еўрарадыё: Ці ўпершыню палітыкам мяняць кірунак? На выбарах казаў пра Еўразійскі саюз, а пасля выбараў заявіў: “Вы мяне, відаць, недачулі, я казаў пра Еўрапейскі саюз!”

Аляксандр Мілінкевіч: У палітыцы хлусіць абсалютна бесперспектыўна. Трэба быць шчырым. І так бывае, што спачатку меншасць кажа пра штосьці важнае для краіны, а большасць не разумее… Хаця я скажу, што праеўрапейскія настроі, за выключэннем апошніх месяцаў, у нас вельмі стабільна раслі. Гэта добры паказчык, бо афіцыйная прапаганда перашкаджае гэтаму. Усё ж яна працуе на саюз з Расіяй, якая сёння агрэсар і хутка сама будзе ў вялікіх праблемах. І таму я кажу, што палітыку трэба быць шчырым — гэта заўсёды акупляецца. Заўтра ці паслязаўтра, але акупляецца. Людзі ўспомняць, што гэтыя палітыкі не хлусілі, што яны стабільна займалі прабеларускую пазіцыю. Калісьці зразумеюць. Момантам маральнага выбару павінныя быць выбары. Нельга прыстасоўвацца да большасці. Асабліва ў нас, у дэфармаваным грамадстве, у дэфармаваным мысленні.

Фота: Змітра Лукашука, era.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі