Мінабароны Расіі выказалася наконт парушэння паветранай прасторы Літвы
Мінабароны Расіі выказалася наконт парушэння расійскімі самалётамі, якія ўдзельнічалі ў вайсковых вучэннях “Захад-2017”, паветранай прасторы Літвы. Заявы літоўскіх уладаў на гэты конт у Маскве назвалі “палітызаванымі”.
Як інфармуе РІА “Новости”, міністэрства абароны РФ сцвярджае, што 16 верасня два самалёты ваенна-транспартнай авіяцыі Іл-76 здзяйснялі планавы палёт з Таганрога на аэрадром Чарняхоўск у Калінінградскай вобласці. Яны ляцелі над нейтральнымі водамі Балтыйскага мора. Адхіліцца ад маршруту экіпажы прымусіў навальнічны фронт. У выніку самалёты накіраваліся ў бок паветранай прасторы Літвы. Адзначаецца, што папярэдне быў адпраўлены запыт занальнаму цэнтру кантроля паветранай прасторы ў Вільні. Самалёты абляцелі небяспечны ўчастак і адразу вярнуліся на асноўны маршрут. Працягвалася гэта каля дзвюх хвілін. Паводле звестак Мінабароны Расіі, з боку літоўскіх органаў кіравання паветраным рухам прэтэнзій не было. Не паступалі яны ў наступныя двое сутак і па ваенна-дыпламатычных каналах.
У Маскве падкрэсліваюць, што пілоты дзейнічалі ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права. Таму там здзіўленыя дзеяннямі ўладаў Літвы. Як паведамляла Еўрарадыё, у панядзелак пасла Расіі выклікалі ў МЗС Літвы, дзе яму ўручылі ноту пратэсту ў сувязі з “парушэннем паветранай прасторы рэспублікі”. Ад расіян запатрабавалі тлумачэння.