Мінаблвыканкам: Мы ж не можам, "а давай бахнем супертэлевізар за 150 млн"

Якія закупкі, акрамя аўтамабіляў, яшчэ робяць чыноўнікі за кошт бюджэту? Замаўляюць камп'ютары ды планшэты — “для кіраўніцкай дзейнасці”, паслугі на абслугоўванне сайтаў і нават абслугоўванне відэакамеры!

У Бабруйскім гарвыканкаме распавядаюць, што відэакамера сочыць за плошчай і за ёй патрэбен нагляд:

"Камера падключана да сайта гарвыканкама, гэта проста яе абслугоўванне. На 2014 год таксама будзем тэндар аб’яўляць. Гэта ва ўсіх ёсць гарвыканкамах, у ідэалагічным плане нас абавязалі. Мала таго што сайты ёсць, павінна быць і накіраванае дзеянне, каб паказвала жыццё горада ці яшчэ што. Мо якія дэманстрацыі хочуць бачыць. Можа за мяжой хто захоча паглядзець, чым жыве горад”, — распавядаюць Еўрарадыё ў Бабруйскім аблвыканкаме. Абслугоўванне камеры цягне на… 44 мільёны рублёў. Калі кожнаму райвыканкаму па камеры….

Кавамашыны ды сокаахаладжальныя машыны закупляе ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама. На 45 мільёнаў.

Еўрарадыё: Дык для чаго вам гэтыя машыны?

"Адна — якая меншая, патрэбна ў пакой адпачынку губернатара. Так трэба. Халадзільнік, мікрахвалёўка, чайку папіць. Другая — у кінатэатр “Усход”.

Мінгарвыканкам (упраўленне спорту і турызму) купляе за 55 мільёнаў мультымедыйны прайгравальнік. Навошта?

 "Нам трэба", — ва ўпраўленні спорту на каментары скупыя.

Мінаблвыканкам купляе новы тэлевізар з дыяганаллю 70 цаляў за 41 мільён рублёў. Тэндар з'явіўся неўзабаве пасля таго, як на пасаду старшыні вобласці быў назначаны Сямён Шапіра.

Еўрарадыё: А які вы хочаце тэлевізар? Якой вытворчасці?

Мінаблвыканкам: На 70 цаляў. Марка тэлевізара? Ну, якая марка…

Еўрарадыё: А куды вам патрэбен такі тэлевізар?

Мінаблвыканкам: Гэта ў залу паседжанняў. Для паказу слайдаў і каб выступоўцу было відаць. Мы даўно планавалі. Замяніць цяперашні, большага плану павесіць, большага разрашэння.

Еўрарадыё: Няўжо “Гарызонт” робіць такія тэлевізары? Калі прытрымлівацца лозунга “купляйце беларускае”…

Мінаблвыканкам: Зараз жа могуць быць розныя пастаўшчыкі. Не вызначана, што толькі беларускае.

Еўрарадыё: А цяпер які тэлевізар?

Мінаблвыканкам: Sharp, здаецца, панэль плазменная, не тэлевізар, а панэль. Але там якасць не такая, мы хацелі болей.

Еўрарадыё: …Які каштуе 41 мільён?!

Мінаблвыканкам: Гэта плюс мантаж! Ёсць і даражэйшыя, вы разумееце, грошы ж бюджэтныя… Мы ж не можам — "а давай бахнем супер-пупер за 150 мільёнаў тэлевізар". Такога ж, канечне, нельга!

Еўрарадыё: Цікава, што тэндар супадае з назначэннем новага старшыні…

Мінаблвыканкам: Не, гэта было ў плане. Даўно планавалі. На наступны год таксама будзем мяняць. Пакуль на гэта грошы ёсць, будзем мяняць. Там яшчэ дзве панэлі — большага памеру, таксама будзем мяняць.

Чакаем новых тэндараў ад Мінаблвыканкама!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі