Мінадукацыі пракаментавала страйк у Мінскім інавацыйным універсітэце
Міністэрства адукацыі выступіла з каментаром наконт сітуацыі ў Мінскім інавацыйным універсітэце.
Як распавядала Еўрарадыё, 11 лістапада студэнты МІУ пачалі страйк. Мінадукацыі не працягнула ліцэнзіі па пяці спецыяльнасцях вышэйшай адукацыі. Без дыпломаў дзяржаўнага ўзору могуць застацца 1600 навучэнцаў. Студэнтам прапанавалі пераводзіцца ў іншыя ВНУ. Але яны звяртаюць увагу на неабходнасць здаваць вялікую акадэмічную розніцу прадметаў. Прычым некаторым давядзецца здаваць гэтую розніцу ў выпускны год.
У сваім каментары Мінадукацыі адзначае, што ўсе ВНУ Беларусі раз на пяць гадоў праходзяць дзяржаўную акрэдытацыю. У Мінскім інавацыйным універсітэце былі выяўленыя шматлікія парушэнні заканадаўства аб адукацыі. "У прыватнасці, у заключэнні аб выніках правядзення пацвярджэння дзяржаўнай акрэдытацыі адзначана, што тэрмін атрымання вышэйшай адукацыі ў завочнай (дыстанцыйнай) форме не адпавядае патрабаванням адукацыйных стандартаў, выяўленыя парушэнні ў арганізацыі навучальнага працэсу і бягучай атэстацыі студэнтаў і слухачоў, шэраг структурных падраздзяленняў універсітэта не адпавядае вызначаным патрабаванням, колькасць выдадзеных пасведчанняў аб павышэнні кваліфікацыі перавышае колькасць слухачоў, якія асвоілі адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, па шэрагу прадметаў адсутнічаюць навучальныя праграмы ды інш. Камісіі не дадзена магчымасць правядзення комплексных кантрольных работ у студэнтаў завочнай (дыстанцыйнай) формы атрымання вышэйшай адукацыі", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы міністэрства.
Мінадукацыі прапануе МІУ альбо выправіць недахопы і падаць дакументы на паўторную акрэдытацыю, або зачыніць неакрэдытаваныя спецыяльнасці і паведаміць пра гэта ў міністэрства. Акрамя таго, ва ўніверсітэта ёсць права на апеляцыю.
Чыноўнікі лічаць, што кіраўніцтва ўніверсітэта падштурхоўвае студэнтаў да страйку: "У гэтай сувязі дзеянне кіраўніцтва ВНУ па падбухторванні студэнтаў да страйкаў, маніпуляваннію грамадскай думкай намі разглядаецца як спроба адысці ад вырашэння пытання па сутнасці, якое знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.