Мінчука, які судзіўся з мытняй, падтрымаў Вярхоўны суд
Мінчука, які судзіўся з мытняй, падтрымаў Вярхоўны суд Беларусі. Пра гэтую справу распавёў партал tut.by. Сяргей Анці даказваў, што яго неабгрунтавана прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за прадастаўленне непраўдзівых звестак. У кастрычніку мінулага года ён вёз на аўтамабілі з Польшчы выцяжку, якую купіў за 500 долараў “для асабістага карыстання”. Яе вага без упакоўкі складала 29,4 кг, з ёй — 37,2 кг. У мытнай дэкларацыі мужчына пазначыў вагу выцяжкі 30 кг. Мытнікі ўзважылі яе ва ўпакоўцы і заявілі, што мінчук учыніў адміністрацыйнае правапарушэнне, яго аргументы яны не прынялі. За тавар, які важыў больш за 35 кг, уладальнік выцяжкі мусіў заплаціць сукупны мытны плацёж.
Суд Маскоўскага раёна Брэста аштрафаваў Сяргея Анці на 105 рублёў, выцяжку ў яго не канфіскоўвалі. Брэсцкі абласны суд падтрымаў судовае рашэнне. Тады мінчук звярнуўся ў Вярхоўны суд, які прызнаў, што прэтэнзіі былі неабгрунтаваныя, таму рашэнне брэсцкага суда трэба адмяніць, а справу спыніць. Заплачаны штраф будзе вернуты. Цяпер мужчына збіраецца падаць у суд на Брэсцкую мытню, каб атрымаць кампенсацыю шкоды.