Вайскоўцы Літвы і Польшчы падрыхтавалі план "Орша"
Прэзідэнты Польшчы і Літвы / lrp.lt
Вайскоўцы Літвы і Польшчы адпрацавалі абарону Сувалкаўскага калідора. План абароны называецца "Орша". Гэта адсылка да Аршанскай бітвы 1514 года, калі войскі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага разграмілі маскоўскае войска.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Літвы, вайскоўцы трэніраваліся рэагаваць на магчымыя пагрозы ў Сувалкаўскім калідоры. Гэта тэрыторыя на мяжы Літвы, Польшчы і Беларусі, дзе праходзіць самы кароткі шлях паміж РБ і Калінінградскай вобласцю РФ. Манеўры пад назвай "Храбры Грыфон — 26" прайшлі з 30 красавіка па 7 мая.
За вучэннямі назіралі прэзідэнты Літвы і Польшчы — Гітанас Наўседа і Караль Наўроцкі. "Як і тады пад Оршай, так і цяпер літоўскія і польскія вайскоўцы гатовыя сумеснымі дзеяннямі перагарадзіць шлях ворагу з Усходу", — пракаментаваў літоўскі прэзідэнт.