Мінчукі расказалі, як год таму скінулі з балкона на міліцыю драўляныя дзверы
Прэс-служба МУС Беларусі паведаміла пра затрыманне траіх хлопцаў, якія роўна год таму скінулі з балкона шматпавярховіка па вуліцы Прытыцкага ў Мінску на міліцыянераў драўляныя дзверы. Тады ніхто не пацярпеў. Затрыманым 23-24 гады (на іх выйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК). На іх распачалі крымінальную справу за гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненні міліцыянераў.
Затрыманыя на міліцэйскім відэа расказваюць: "Убачылі, як супрацоўнікі міліцыі з выкарыстаннем сілы затрымліваюць мужчыну каля пад'езда... Нам гэта не спадабалася, таму мы вырашылі скінуць на іх дзверы. Траекторыю палёту мы прадбачыць не маглі...".
11 жніўня 2020 года ў раёне станцыі метро "Каменная Горка" сілавікі разганялі чарговую акцыю пратэсту. Людзей жорстка затрымлівалі ў дварах і пад'ездах шматпавярховікаў. Па версіі МУС, дзверы ўпалі ў некалькіх метрах ад міліцыянераў, якія праводзілі затрыманне пратэстоўца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.