Мінчукоў апытваюць не для пошуку арганізатараў выбуху?

Міліцыя пачала татальнае апытанне мінчукоў па справе выбухаў 3-га ліпеня. Па словах міліцыі, гэтая працэдура будзе доўжыцца столькі, колькі трэба. На думку беларускіх праваабаронцаў і юрыстаў, такая апытанка мінчукоў не зусім законная.
Па мінскіх кватэрах міліцыянты звычайна ходзяць удвух. Прычым адзін чалавек запісвае адказы мінчукоў, а другі папросту складае кампанію першаму. Тыповым выпадкам стаў візіт у кватэру журналіста Еўрарадыё Паўла Гібы. Міліцыя пагрукалася да яго ў дзверы раніцай 10-га ліпеня і папрасіла адчыніць дзверы і адказаць на пытанні ў сувязі з выбухамі:

“Я завёў іх на кухню, дзе яны запыталі, хто я, з кім жыву. Занатавалі дні народзінаў усёй маёй сям’і. Запыталі таксама, якая ў нас трох адукацыя і дзе знаходзіліся непасрэдна 3-га ліпеня”.

Як патлумачыў Еўрарадыё кіраўнік прэсавай службы Міністэрства унутраных спраў Канстанцін Шалькевіч, апытанні мінчукоў будуць працягвацца яшчэ не адзін дзень:

“Апытанні ідуць па ўсім Мінску. Прычым доўжыцца яны будуць столькі, колькі патрэбна”.

На думку былога следчага пракуратуры, а цяпер праваабаронцы Алега Воўчака, метады татальнага апытання мінчукоў папросту незаконныя. Аднак калі не адкрываць дзверы міліцыянтам, яны могуць западозрыць вас у датычнасці да выбуху:

“Фармальна міліцыянты маюць права зайсці ў любую кватэру і правесці апытанку. Аднак тады пытанні павінныя задавацца не ў кватэры, а па выкліку ў кабінет да следчага, які непасрэдна вядзе гэтую справу. А так гэта выглядае як збор інфармацыі, як народ успрымае будучыя выбары і наогул уладу. На маю думку, тут больш палітычнага падтэксту, а не рэальных захадаў па пошуку рэальных злачынцаў”.

Праваабаронца з Беларускага Хельсінскага Камітэта Гары Паганяйла ў інтэрв’ю Еўрарадыё выказаў думку, што галоўнай мэтай апытанак для міліцыі з’яўляецца не пошук злачынцаў, а палітычны вышук:

“Адначасова з гэтай аперацыяй міліцыя можа мець нейкі іншыя задачы. Вось тут цяжка неяк зарыентаваць грамадзян, бо большасць з іх абсалютна нейтральныя ў дачыненні да падзей 3-га ліпеня і да ўладаў наогул. Хутчэй за ўсё некаторыя з тых, хто задзейнічаны ў гэтых апытанках, будуць мець спісы кватэраў, у якія дакладна трэба будзе зайсці і сабраць пэўную інфармацыю”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі