Мінгандлю: Колькасць алкаголю ў барах павялічылі, бо так сказаў прэзідэнт
З панядзелка рэстараны класа “люкс” павінныя мець у меню 54 найменні беларускага алкаголю: 23 віды гарэлкі, 8 — каньяку, 7 — лікёраў, 8 — шампанскага.
Міністэрства гандлю прыняло новы асартыментны пералік для аб’ектаў грамадскага харчавання: колькасць алкаголю ў рэстаранах класа люкс вырасце ў 1,5-2 разы: у асартыменце цяпер павінны быць 54 віды спіртных напояў, у тым ліку 23 віды гарэлкі, 8 відаў каньяку ці брэндзі, 7 відаў лікёра-гарэлачных вырабаў, 8 варыянтаў шампанскага ці віна і столькі ж вінаградных він.
“Гэта толькі беларускія напоі. Па імпарце ― няхай рэстараны самі вырашаюць, колькі ставіць”, ― тлумачыць начальнік аддзела арганізацыі грамадскага харчавання Мінгандлю Ларыса Камарова.
У кавярнях і рэстаранах выбар алкаголю павялічыцца ў два разы
На пытанне, чаму адмянілі забарону на абмежаванне часу продажу алкаголю ў Мінску, панізілі нацэнку на алкаголь ды павялічылі асартыментны пералік спіртнога, Ларыса Іосіфаўна адказвае шчыра: вы ж самі чулі прэзідэнта.
“Вы ведаеце, што было пасяджэнне ў прэзідэнта па рэалізацыі айчынных тавараў. Ён раскрытыкаваў, і цяпер перш за ўсё ― рэалізацыя айчынных тавараў, а потым ужо імпартных. У Мінску па гэтай жа прычыне знятыя ўсе абмежаванні на продаж алкаголю, і асартыментны пералік зменены па гэтай жа прычыне”.
Дырэктар мінскага рэстарана “Фальконе” Яўген Кірылаў толькі ў панядзелак раніцай убачыў новы асартыментны пералік і пастанову Мінгандлю. Кажа, што пакуль будзе думаць, што рабіць і як папаўняць меню беларускай гарэлкай ды вінаграднымі вінамі. Ён ўпэўнены, што з 40-градуснай праблем не будзе ― яна і цяпер ёсць у рэстаране. А вось што рабіць з пералікам вінаградных він беларускай вытворчасці?
“Беларускую гарэлку просяць замежнікі ― менавіта беларускую гарэлку, а вось наконт він будзем думаць”.
У іншым сталічным рэстаране “Камяніца” Еўрарадыё таксама распавядаюць, што з гарэлкай праблем не будзе ― яна і так збольшага ў рэстаране беларуская. А вось з вінамі могуць узнікнуць пытанні.
А вось у рэстаране “Мінск” кажуць, што ўжо нават памянялі меню ― абнавілі пералік гарэлкі і шампанскага. На справе аказваецца, што меню ў "Мінск" не дапрацаваў ― у пераліку толькі восем відаў беларускай гарэлкі ды тры найменні віна. Цалкам меню плануюць абнавіць да пятніцы.
У многіх рэстаранах прызнаюцца: закон давядзецца выконваць, але можа здарыцца так, што беларускія лікёры з-за адсутнасці попыту могуць адправіцца на сметніцу так і не адкаркаванымі.