Мінгандлю: Не бывае, каб наша праверка не знаходзіла парушэнняў у крамах

Міністэрства гандлю абяцае ўзмацніць кантроль за крамамі напярэдадні Дня незалежнасці, які святкуюць 3 ліпеня. З пачатку года кантралёры ведамства знайшлі 1660 парушэнняў у 1,2 тысячах крам па ўсё краіне і выпісалі 4,3 мільярда штрафаў, паведамляюць у Мінгандлі.

Але ці бываюць ідэальныя гандлёвыя кропкі? У Мінгандлі такіх не бачылі.

"Быў адзін выпадак, калі ў краме былі нязначныя парушэнні, ― толькі і прыгадваюць кантралёры, ― А так, мы ходзім на праверку, калі ёсць скаргі ад грамадзян ці нейкія праблемы выявіў папярэдні маніторынг".

З пачатку года кантралёры зачынілі на некаторы час 193 аб'екта гандлю і грамадскага харчавання. Пад няміласць траплялі сеткі "Мегатоп", "Электрасіла", крама касметыкі "Кравт". А тры кавярні "Сайгон" на мінскім рынку Ждановічы зачынілі назаўжды.

Астатнія выправіліся пасля праверкі.

"Мы правяраем пасля таго, як крама нанова адчынілася.Напрыклад, пасля таго як "Мегатоп" аднавіў працу, мы праверылі 5 іх крамаў, праблем не было", ― распавядаюць у Мінгандлі.

"Беларускі абутак у нас набываюць", ― адразу на ўсялякі выпадак кажуць у "Мегатопе" на Нямізе, калі прадстаўляюся журналістам.

Менавіта за недахоп беларускага абутку гэтую краму закрывала інспекцыя ад Мінгандлю. Выправіліся.

Крамы "Электрасілы" таксама прадавалі мала беларускага. Гэта была адна з прычын, па якіх іх прыкрылі на некалькі дзён. Цяпер беларускае набываюць.

"Беларускае набываюць, прыходзяць адразу за нейкай пэўнай мадэллю тэхнікі. І што гэта беларуская вытворчасць, не пужае, пужае, калі кітайская", ― адказваюць у "Электрасіле".

Краму парфумы і касметыкі "Кравт" зачынялі за адсутнасць поўнай інфармацыі пра тавар. Цяпер тут адразу 3 кансультанты. Пад усімі відамі парфумы ёсць цэннікі з інфармацыяй пра тавар. А ўсе супрацоўнікі новыя і пра былыя прэтэнзіі Мінгандлю нічога не ведаюць.

Фота: kp.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі