Мінгарвыканкам дазволіў КХП-БНФ шэсце на "Дзяды"
Мінгарвыканкам дазволіў правесці традыцыйнае шэсце ў дзень памяці продкаў "Дзяды". Заяўку на акцыю падавала Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ (КХП-БНФ). Шэсце пройдзе 28 кастрычніка, піша tut.by.
Удзельнікі акцыі будуць збірацца з 11.30 да 12.00 каля гадзіннікавага завода "Прамень" насупраць парку Чалюскінцаў. Потым шэсце пойдзе да месца масавых расстрэлаў у Курапаты, дзе адбудзецца мітынг. Завяршыцца акцыя ў 17.00.
Сёлета такая масавая акцыя ўшанавання ў Мінску адбудзецца ўжо 30-ы раз: упершыню яна прайшла ў 1988 годзе і тады была жорстка разагнаная міліцыяй.
У саміх Курапатах цяпер рыхтуюць пляцоўку пад усталяванне памятнага знака ад дзяржавы.